Старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк пракаментаваў выбарчую кампанію ва Украіне.
Паводле палітыка, тое, што цяпер адбываецца з электаратам ва Ўкраіне, «не параўнаеш ні з чым».
«Такое ўражанне, што грамадства аслепла ці наелася блёкату — галасуюць за асобу коміка Зяленскага, якая па прыродзе не надаецца да дзяржаўнай дзейнасці. І гэта відавочна з першага погляду».
«Ужо пяць гадоў тлее расейска-ўкраінская вайна. Гінуць людзі. Чалавек, за якога галасуюць украінцы і якога рэкламуе руская прапаганда, не мае адказнасці за лёс Украіны, не разумее сур'ёзнасці місіі чалавека ў палітыцы», — мяркуе Пазняк.
Кіраўнік КХП-БНФ мяркуе, што галасаваць варта за Парашэнку: «Прыходзіцца выбіраць паміж дрэнным і горшым. Пачуцці настроеныя супраць Парашэнкі, але нацыянальныя інтарэсы ў гэтых абставінах рацыянальна вымагаюць галасаваць за Парашэнку. Не для кожнага пад'ёмна гэта асэнсаваць. Ці здолеюць украінцы тое зразумець і пераскочыць цераз сябе — невядома. Мала часу».





