Напрыканцы сакавіка 2019 года старшыня Моладзі БНФ Дзяніс Мандзік пакінуў сваю пасаду з нечаканай матывацыяй — замест палітычнага Алімпу ён вырашыў паспрабаваць узысці на музыкальны.
«Я адпраўляюся ў свет музыкі, спадзяюся дасягнуць там нашмат большых велічынь», — сказаў ён.
«Наша Ніва» пацікавілася творчасцю Дзяніса. Для рэалізацыі ў музыцы ён абраў стыль рэпа, чытае пад творчым імём, сугучным з прозвішчам: Mandzik. Трэкаў пакуль не вельмі шмат, артыст рыхтуе альбом.
Дзяніс Мандзік у новым вобразе, фота з сацсетак
А пра што спявае ў сінглах?
Трэба сказаць, што Mandzik здзіўляе багаццем вобразаў і чымсьці нагадвае ранняга Ягора Летава:
«Мы аштрафаваны за нашэнне відэльца», «падушку нельга здаць у ламбард».
Зрэшты, у гэтым прома-відэа артыст так і кажа пра сябе: «Я панк ад свету рэпа».
І хаця Дзяніс сышоў з палітыкі, сысці ад яе і ў творчасці не атрымалася. А мо і не хацелася? Бо відавочна, што рэпер часам чэрпае натхненне з успамінаў аб нядаўніх часах:
«Мой братан кэдэбэшнік, а я махаю з аўтазака, нашы дзеці — жаўнеры загінулых батальёнаў, а браты ляглі за гонар гэтых шэрых раёнаў. Пачуцця гумару няма, бо нам нельга ўсміхацца і на плошчы нельга больш за трох за раз збірацца», — чытае ён.
Пратэстнае рэха, трэба сказаць, гучыць у многіх трэках:
«Мяне выпусцілі пад заклад. Анафемскі суд, раённы суд… словы свае не бярэ назад»,
«Квіточак да Акрэсціна — мяне чакаюць сябры»,
«Тут вадамёты паліваюць нас усіх на плошчы».
Дзяніс працуе таксама над сваім іміджам.
А трэк «Актывіст», напрыклад, выглядае аўтабіяграфічным. Хаця рыфма месцамі і не самая вытанчаная, але грубасць стылю паглыбляе ў перажыванні хлопца: Дзяніс апісвае выклікі, з якімі яму даводзіцца сутыкацца ў Мінску, і шляхі іх вырашэння.
«Я стаміўся, на гадзінніку амаль дванаццаць,
П'ю піва на вакзале, пачынаю залупацца,
Ідуць два мусара — абавязкова да***бацца,
Застаецца дзьве хвіліны, каб паспець з'я***цца».
Але месца для лірыкі сярод палітычнага ганста-рэпа таксама ёсць, не без яе.
«Хадзем са мной на дах, там зорак чароўны пах».
«Давай патанчым дыска пад вялікім жоўтым дыскам, уяві: я да цябе бягу».
Слухайце самі, пішыце водгукі на старонцы рэпера ў сацыяльных сетках, або ў каментах на «Нашай Ніве».





