Беларуская Музычная Альтэрнатыва (БМА group) у гонар Кастуся Каліноўскага пачынае кампанію UZAJEMNA!/УЗАЕМНА!
У межах кампаніі будуць ладзіцца фэсты розных музычных кірункаў (рок, метал, рэп, бардаўская музыка), плануецца збор і выданне музычнай складанкі з творамі, прысвечанымі Кастусю Каліноўскаму, а таксама выраб адмысловай сувенірнай прадукцыі.
«Нас здзіўляе, што асоба Кастуся Каліноўскага выклікае неадназначную рэакцыю ў беларускім грамадстве, а ў замежжы ставяць пад сумнеў беларускае паходжанне славутага героя», — кажуць арганізатары.
Чаму «УЗАЕМНА!»? Бо гэта вядомы пароль паўстанцаў Каліноўскага, які і на сённяшні дзень не губляе сваёй актуальнасці:
« — Каго любіш?
— Люблю Беларусь!
— То ўзаемна!»
У межах кампаніі БМА аб’яўляе наступныя мерапрыемствы:
- Конкурс лагатыпа/малюнка кампаніі — лога/малюнак пераможца будзе надрукаваны на ўсёй прадукцыі кампаніі (значакі, цішоткі, дыскі), а таксама на рэкламных матэрыялах (постэры, улёткі і інш).
Дэдлайн: 1 чэрвеня.
- Збор музычных твораў ад рок-гуртоў і бардаў. Найлепшыя творы ўвойдуць у музычную складанку, а гуртам/бардам будзе прапанаваны выступ на тэматычным фэсце.
Дэдлайн прыёма заявак: 1 жніўня.
- Збор вершаў і іншых твораў, прысвечаных Каліноўскаму. Творы будуць публікавацца на старонцы кампаніі ў сацыяльных сетках. Па дамове музычныя калектывы змогуць выбраць верш для выканання.
Дэдлайн неабмежаваны.
Інфармацыю дасылаць на скрыню [email protected] з пазнакай «Конкурс».
UZAJEMNA! / УЗАЕМНА! — некамерцыйная асветніцка-культурная кампанія. У бліжэйшы час будзе запушчана кампанія па збору сродкаў для рэалізацыі праекта. Ахвотныя падтрымаць ці ўзяць удзел у кампаніі могуць звязацца з арганізатарамі:
+375 (29) 649-0-888





