У Беларусі прапрацоўваецца магчымасць увядзення ва ўстановах адукацыі штата ахоўнікаў і пасады намесніка дырэктара па бяспецы. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Тамільчык, паведамляе БелТА.
«Дадаткова з Мінфінам, Мінпрацы і сацабароны прапрацоўваюцца пытанні аб увядзенні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі штатнай колькасці ахоўнікаў (дадаткова да вартаўнікоў), а таксама пасады намесніка дырэктара па бяспецы. Гэтае пытанне можа быць вырашана ўжо да новага навучальнага года», — сказаў Эдуард Тамільчык.
Ён удакладніў, што гэтыя супрацоўнікі зусім не павінны быць работнікамі міліцыі, але для іх абавязкова будзе распрацоўвацца пералік функцыянальных абавязкаў і патрабаванняў.