Цяпер супрацоўнікі школ, вучні і іх законныя прадстаўнікі могуць прыходзіць ва ўстанову адукацыі не раней чым за 30 хвілін да пачатку яе працы і сыходзіць максімум праз паўгадзіны. Таксама ў школах могуць з'явіцца ахоўнікі і намеснікі дырэктара па бяспецы, піша Tut.by.

11 красавіка міністр адукацыі Ігар Карпенка падпісаў загад. Ён зацвярджае прыкладную інструкцыю аб арганізацыі прапускнога рэжыму і абмяжоўвае выкарыстанне мабільных тэлефонаў падчас заняткаў і перапынкаў. Нядаўна яго разаслалі па школах Беларусі.

Паводле інструкцыі доступ у будынак школы пачынаецца за 30 хвілін да пачатку заняткаў і заканчваецца праз 30 хвілін пасля іх заканчэння. Гэта тычыцца як супрацоўнікаў, так і вучняў, і іх бацькоў.

У непрацоўны час супрацоўнікі школ змогуць патрапіць на працоўнае месца толькі на падставе дакладной запіскі намесніка дырэктара ўстановы адукацыі.

Кругласутачны доступ у будынак школы дазваляецца толькі кіраўніку ўстановы адукацыі, яго намесніку па гаспадарчай рабоце, вартаўнікам і вахцёрам, а таксама персаналу арганізацый, якія абслугоўваюць школу ў аварыйных сітуацыях.

У інструкцыі гаворыцца пра тое, што цяпер наведвальнікі школы абавязкова павінны прад'яўляць дакументы, якія пацвярджаюць іх асобу. Пасля гэтага вартаўнік або вахцёр абавязкова рэгіструюць іх візіт і яго мэту.

Службовы транспарт на тэрыторыю школы прапускаецца толькі пасля прад'яўлення таварнай накладной або дарожнага ліста. Асабісты транспарт на тэрыторыю школы не прапускаецца.

Таксама ў Міністэрстве адукацыі распавялі, што па меркаванні адміністрацыі школ там могуць з'явіцца ахоўнікі і намеснікі дырэктара па бяспецы.

У загадзе ёсць асобны пункт, які тычыцца выкарыстання мабільных тэлефонаў.

Установы сярэдняй адукацыі павінны ўнесці ў правілы ўнутранага распарадку палажэнне аб тым, што падчас заняткаў і перапынкаў выкарыстанне мабільных тэлефонаў абмежавана. Мяркуецца, што імі можна будзе карыстацца да і пасля ўсіх заняткаў і падчас падоўжанкі. Для тэлефонаў зробяць спецыяльныя месцы, у якіх будуць захоўвацца каштоўныя рэчы работнікаў і навучэнцаў.

Таксама ў інструкцыі прапісаны пералік рэчаў і прадметаў, якія забаронена захоўваць і выкарыстоўваць у школе. Сярод іх — алкаголь, цыгарэты, у тым ліку электронныя, агнястрэльная і газавая зброя, боепрыпасы ці выбуховыя рэчывы, а таксама іх муляжы, халодная зброя (і муляжы), хімічныя і атрутныя рэчывы, запалкі, запальнічкі, наркатычныя сродкі, прылады для азартных гульняў і іншыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?