Альфа-Банк адкрыў у цэнтры Мінска першы ў краіне каворкінг, дзе можна бясплатна папрацаваць, правесці перамовы, адпачыць ці перакусіць. Шматфункцыянальная прастора суседнічае з кафэ і буцікамі на першым паверсе гандлёвага цэнтра па адрасе Няміга, 5, а ўнутры адкрытыя перамоўныя, канферэнц-зала, навучальны клас і зона рэлаксу.

Каворкінг займае адразу два паверхі і можа змясціць да 150 чалавек. Асноўная зала ўключае ў сябе працоўныя месцы з бясплатным Wi-Fi, персанальнымі камп'ютарамі (калі няма ноўтбука), тэлевізарамі, прынтарамі і сканарамі. Прадугледжаныя нават скрыні для захоўвання, а ў якасці прыемнай опцыі — духмяная кава. Працоўныя месцы можна забраніраваць бясплатна, а карыстацца — з 9 раніцы да 19 вечара.

Хаб таксама атрымаў 6 перамоўных пакояў на 4—5 чалавек кожны. Для прэзентацый і семінараў можна выкарыстоўваць навучальны клас на 25—30 чалавек ці канферэнц-залу, якая ўмяшчае да 55 чалавек. Усе яны абсталяваныя лазернымі праектарамі. Адпачыць можна ў зоне-лаўнж ці ў кавярні.

«Па сутнасці, у цэнтры Мінска з'явіўся першы ў краіне банкаўскі каворкінг, дзе ўсё бясплатна. Можна працаваць, адпачываць, сустракаць гасцей ці хаця б выпіць кавы, — кажуць у Альфа-Банку. — Усё гэта — лагічны працяг экасістэмы, якую банк фарміруе апошнія гады. Новае месца будзе асабліва папулярным сярод тых, каму патрэбны ўласны офіс, месца для перамоў ці правядзенне прэзентацый. Хаця мы будзем рады і тым, хто проста хоча змяніць абстаноўку». 

У прасторы адышлі ад карпаратыўнага дызайну. Унутры шмат дрэва, металу, на сценах — матывуючыя тэксты, а са столяў звісаюць лямпачкі ў канонах лофта. Для аздаблення кожнага памяшкання падабраныя асобныя колеры.

Трапіць бізнэсменам у каворкінг можна толькі ў буднія дні, а працаваць столькі, колькі трэба. Ліміты і папярэдняя бронь дзейнічаюць толькі на перамоўныя і канферэнц-залы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0