Для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выпусцілі новыя правілы. Згодна з імі, студэнты не павінны дапускаць каментары, якія могуць пашкодзіць іміджу БДУ. Такое патрабаванне змяшчаецца ў правілах унутранага распарадку студэнтаў вядучай беларускай ВНУ, звяртае ўвагу Tut.by.
Скрыншот дакумента.
У абноўленых правілах унутранага распарадку для навучэнцаў у БДУ з'явіўся новы пункт у раздзеле 3 «Абавязкі навучэнцаў».
Пункт 5.20 абавязвае студэнтаў «не дапускаць каментароў пра БДУ і ад асобы БДУ, якія размяшчаюцца ў інфармацыйнай прасторы (СМІ, інтэрнэт, сацыяльныя медыя), якія могуць нанесці пагрозу іміджу і дзелавой рэпутацыі БДУ».
Такія ж патрабаванні прад'яўляюцца і да аспірантаў, дактарантаў і суіскальнікаў БДУ ў пункце 6.9.
За распаўсюджванне інфармацыі, якая нясе «пагрозу іміджу і дзелавой рэпутацыі БДУ», прадугледжана дысцыплінарная адказнасць.
Па папярэдніх даных, правіла «не крытыкаваць» прынята не толькі ў БДУ, але і ў іншых ВНУ Беларусі.





