Суд Ленінскага раёна Брэста 15 красавіка працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомага блогера Сяргея Пятрухіна, якога абвінавачваюць па ч. 2 арт. 188 («Паклёп») і ч. 2 арт. 189 («Абраза») Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае суддзя Аляксандр Семянчук, паведамляе spring96.org 

У якасці пацярпелых выступаюць супрацоўнікі Ленінскага РАУС Сяргей Ігнацюк, Дзмітрый Якушэвіч, Ігар Галянціч і Сяргей Такун.

Сёння, як і ў мінулыя дні, загадзя на суд прыйшло шмат супрацоўнікаў міліцыі. 

Пятрухін заявіў хадайніцтва аб допыце сведкі Каліноўскага, які нібыта стаў ахвярай збіцця адным з пацярпелых міліцыянтаў. Па факту збіцця іншага сведкі Камінскага восем разоў адмаўлялася ў завядзенні крымінальнай справы.

«Вінаватасць Пятрухіна падцвярджаецца матэрыяламі справы, якія былі вывучаны падчас судовага разбіральніцтва», — зачытвае пракурор падрыхтаваную прамову.

Таксама пракурор сцвярджае, што эксперт не можа прама адказаць на пытанне аб тым, ці мелі месца паклёп і абраза. 

«Гэта людзі навукі. Сваёй навукі. Гэта тое ж самае, што спытаць у яго, ці мела месца забойства. Заключэнне прафесара Лукашанца з'яўляецца толькі прыватным меркаваннем вучонага, якое не можа быць пакладзена ў аснову абвінавачання»- кажа пракурор.

Пракурор звяртае ўвагу суддзі, што дзейнасць Пятрухіна мае публічны характар.

«Раней судзімы не быў, але прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. З'яўляецца ІП. Характарызуецца станоўча. Прашу прызнаць Пятрухіна вінаватым і прызначыць па арт 188 КК 100 б.в. па арт. 189 КК - абмежаванне волі на 2 гады з накіраваннем і спагнання шкоды на карысць пацярпелых», — кажа пракурор.

Па сукупнасці - абмежаванне волі на 2 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і штраф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0