У панядзелак, 15 красавіка, у саборы Нотр-Дам у Парыжы ўспыхнуў пажар.

Відавочцы публікуюць у сацсетках відэа і фоты сабора, ахопленага агнём.

Агонь знішчыў шпіль культавага будынка.

Услед за шпілем абрынуўся дах сабора.

Агонь дасягнуў адной з вежаў сабора. Гэта яшчэ адна трагедыя: можа згарэць славуты звон Нотр-Дам. Пажарныя не ўпэўненыя, што яны змогуць спыніць пажар.

Усе драўляныя канструкцыі Нотр-Дам «цяпер гараць», заявіў прадстаўнік сабора па сувязях з грамадскасцю Андрэ Фіно. 

«Усё цяпер гарыць. Ад драўляных канструкцый — яны з аднаго боку 19-га, а з другога боку 13-га стагоддзяў — нічога не застанецца», — наракае сп. Фіно.

«Пытанне, ці закране агонь скляпенні, якія накрываюць сабор», — дадае ён.

Пажарныя былі няздольныя нічога зрабіць, бо вада з іх брандспойтаў не даставала да месцаў узгарання. Цяпер яны падняліся на другі паверх між вежамі, спрабуюць дастаць агонь адтуль.

Авіяцыю рэдка выкарыстоўваюць для тушэння пажараў у гарадах, бо ёсць рызыка для людзей, якія знаходзяцца паблізу, піша Le Monde.

Гасіць пажар Нотр-Дам з паветра немагчыма, сабор абваліцца, калі абрынуць на яго масу вады

«Скідванне вады з самалёта ці верталёта магло б разбурыць структуру Нотр-Дам і нанесці дадатковую шкоду суседнім будынкам», — тлумачыць у сваім твітары Sécurité Civile Fr, Грамадзянская абарона Францыі.

У гэтую гадзіну рашаецца, ці ўдасца ўратаваць хаця б нешта.

Лёс будынка вырашаецца ў паўночнай вежы. Калі распаўсюд агню там спыніць не ўдасца, вежа абрынецца, а за ёй — і галоўны неф. З агнём змагаюцца 400 пажарных. Частка іх працягвае выносіць шэдэўры мастацтва і царкоўныя рэліквіі з сабора. Яны рызыкуюць жыццём: будынак у любы момант можа абрынуцца, пралічыць гэта немагчыма.

На месца падзей прыбылі прэзідэнт і прэм'ер-міністр Францыі — Эмманюэль Макрон і Эдуар Філіп, а таксама мэр Парыжа.

Пацярпелых у пажары няма.

Па словах прадстаўніка сабора, пажар пачаўся каля 18:50 па мясцовым часе (19:50 па беларускім часе).

Французскія СМІ паведамляюць са спасылкай на пажарных, што пажар «патэнцыйна звязаны» з рэстаўрацыйнымі работамі.

Сабор апошні час знаходзіўся на рэстаўрацыі, ля сцен будынка былі ўсталяваныя будаўнічыя рыштаванні. У красавіку будаўнікі працавалі на даху будынка, спрабуючы аднавіць гістарычны выгляд шпіля.

Сабор парыжскай Божай Маці быў пабудаваны ў XII-XIV стагоддзях і сёння з'яўляецца адной з самых папулярных турыстычных славутасцяў Еўропы.

Ён з'яўляецца кафедральным саборам архідыяцэзіі Парыжа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0