«Кінаконг» прэзентуе новы фільм па-беларуску: 26 красавіка ў пракаце стартуе «Я магу толькі марыць» — біяграфічнае кіно пра стварэнне аднайменнага музычнага хіта.
У 2001 годзе малавядомы гурт Mercy Me выпусціў спеў, які скарыў сэрцы слухачоў. З мільёнамі прададзеных копіяў, спеў «I can only imagine» стаў тройчы плацінавым, узначаліў хіт-парады і названы найпапулярнейшым хрысціянскім сінглам у сучаснай гісторыі.
Але перад ягоным стварэннем аўтару давялося прайсці праз многія жыццёвыя выпрабаванні — хатні гвалт, уцёкі з дому, пошукі сябе…
Фільм, які на пачатку выглядае музычнай біяграфіяй, раскрываецца як глыбокая і кранальная драма пра стасункі бацькоў і дзяцей, дзіцячыя траўмы, веру, прабачэнне і прымірэнне.
Яшчэ большую сілу гэтай гісторыі надае яе сапраўднасць — фільм распавядае рэальную біяграфію Барта Міларда — 46-гадовага фронтмэна амерыканскага гурта Mercy Me.
Выпушчаны ў 2018 годзе фільм «Я магу толькі марыць» паўтарыў выбуховы поспех песні — пры сціплым бюджэце ў $ 7 млн ён сабраў у 12 разоў больш — за $ 80 млн толькі ў ЗША. А цяпер і ў беларускіх гледачоў ёсць магчымасць паглядзець гэты глыбокі і кранальны фільм на вялікім экране, ды яшчэ і на роднай мове ў агучцы найлепшых беларускіх артыстаў.
26-28 красавіка фільм можна ўбачыць у кінатэатрах «Масква» і silverscreen. Квіткі ў касах і анлайн.





