У заасадзе цэнтра экатурызму «Станькава» з'явіўся новы насельнік — маленькая мядзведзіца. Яе знайшлі ў лесе пад Лагойскам. Мясцовыя паляўніцтвазнаўцы казалі, што малой усяго 1,5 месяца. Паклапаціцца пра сябе яна не магла, была вельмі знясілена.
У заасадзе цэнтра экатурызму «Станькава» яе прытулілі з радасцю. Тут утрымліваюцца жывёлы, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, піша mlyn.by
— Назвалі дзяўчынку Машанькай, — кажа загадчык заасада Міхаіл Турыгін. — Перш за ўсё яе агледзелі ветэрынары. Зараз малая здаровая і цалкам адкормленая. Імаверна, яе мама загінула. Калі б Машаньку не знайшлі, яна б не выжыла ў дзікай прыродзе. Цяпер яна паволі пачынае прыходзіць у сябе. Праўда, пакуль у адносінах да людзей паводзіць сябе насцярожана. Жывёле трэба час, каб адаптавацца.
Паводзіцца Машанька як маленькае дзіця. Яе пояць казіным малачком з бутэлечкі, даюць мёд і манную кашу. Калі падрасце, увядуць у рацыён больш сытную ежу. Мядзведзь — усяедная жывёла. Асабліва любіць салодкае: за абедзве шчакі ўплятае цукеркі і дыні, кавуны.
Ужо хутка новай жыхарцы заасада пабудуюць вялікі і зручны вальер. А вось у натуральнае асяроддзе пасялення Машаньку, хутчэй за ўсё, адпускаць не будуць. Для гэтага жывёле патрэбна спецыяльная падрыхтоўка. Здабываць ежу мядзведзь павінен самастойна, не разлічваючы на дапамогу чалавека. Умовы для жыцця таксама неабходныя адпаведныя.
Дарэчы, у заасадзе ёсць яшчэ адна мядзведзіца — усеагульная любіміца Васіліса. Яе знайшлі ў 2013 годзе пад Барысавам. Пяцімесячная малая бегла ўздоўж поля, калі яе ўбачылі людзі.
— Васіліса была добразычлівая да людзей, але доўга не магла адаптавацца, усяго баялася, — успамінае Міхаіл Турыгін. — Дапамагла ёй маленькая сабачка Анфіса. У нашай супрацоўніцы нарадзіла сабака. А я падумаў: паспрабую іх здружыць. Атрымалася. Анфіса і Васіліса вельмі хутка знайшлі агульную мову. Сабака дапамагла мядзведзіцы асвоіцца: заступалася за яе, ахоўвала яе. Сяброўкі да гэтага часу жывуць у адным вальеры і зусім не сварацца. За іх гульнямі можна назіраць бясконца. Неймаверна: вялікі драпежнік баіцца пакрыўдзіць маленькую дварняку.
— Колькасць жывёл у заасадзе пастаянна павялічваецца, — кажа Міхаіл Турыгін. — У мінулым годзе мы далі прытулак каля 30 буслам. Птушкі набраліся сіл і вярнуліся ў натуральнае асяроддзе пасялення. Праўда, некаторыя яшчэ доўга да нас прыляталі. У экапарку звяроў кормяць, пояць, ствараюць усе ўмовы для камфортнага жыцця.