Delfi.lt

Delfi.lt

Былы міністр замежных справаў Літвы і кандыдат літоўскіх кансерватараў на выбарах у Еўрапейскі парламент Аўдронюс Ажубаліс выступіў супраць беларускай і польскай моваў на магілах паўстанцаў 1863-1864 гадоў, якія будуць сёлета пахаваныя на віленскіх могілках Росы.

Сваю пазіцыю літоўскі палітык патлумачыў у артыкуле на сайце delfi.lt, паведамляе Радыё Свабода.

«Літва ў Літве робіць перапахаванне герояў, і надпісы над іхнымі трунамі маюць быць па-літоўску, бо іначай гэта будзе не дзяржаўнае пахаванне, калі дзяржаўнай мове патрэбныя «спадарожнікі»», — піша Ажубаліс.

Літоўскі палітык лічыць, што, магчыма, дапушчальна было б падпісаць шыльды на польскай мове, паколькі на гэтай мове свае імёны пісалі і самі паўстанцы. Але ён зьвяртае ўвагу, што ў Літве ёсьць уласная традыцыя пісаць і польскія імёны па-літоўску, а адмаўленьне ад гэтай традыцыі Ажубаліс назваў зьнішчэньнем «падмурку, які сьведчыць пра самапавагу Нацыі».

«Яшчэ тут суседзі беларусы замітусіліся і патрабуюць, каб хаця б прозьвішча Кастуся Каліноўскага было і па-беларуску напісана. Напісанне прозвішчаў трыма мовамі — несур’ёзна. Адзін чалавек — тры прозвішчы, як у музеі, каб усім наведнікам было ўсё ясна. Толькі, бачыце, гэта не інфармацыйная шыльдачка музейнага экспанату, гэта пантэон змагароў за свабоду Літвы (а яе яны ўсе разумелі ў катэгорыях таго часу) ад маскоўшчыны», — працягвае былы літоўскі міністр.

Далей Ажубаліс адказвае ініцыятарам трохмоўных шыльдаў, якія сваё рашэнне абгрунтоўваюць запісаннем імёнаў паўстанцаў паводле царкоўных кніг ці як яны самыя падпісваліся.

«Калі так, то тады, братачкі, мець працу па ўсёй Літве. Цікава, як бы ў Польшчы адрэагавалі на просьбу Літвы, каб на магіле Чэслава Мілаша былі надпісы на дзвюх мовах, не кажу ўжо пра Беларусь, дзе як грыбы пасля дажджу з'яўляюцца гедзіміны і міндоўгі», — задае рытарычнае пытанне Ажубаліс.

Свой артыкул былы міністр замежных справаў завяршае думкай, што гістарычная палітыка Літвы «павінна быць адпорнай на патоп прапаганды з суседніх дзяржаваў і на фальсіфікацыі літоўскай гісторыі».

«Гістарычная палітыка патрэбная ня толькі дзеля таго, каб мы паразумеліся міжсобку і засталіся сьвядомымі грамадзянамі дзяржавы, але і дзеля таго, каб Літва годна паразумелася з партнэрамі, не прыніжаючыся, не ахвяруючы гістарычнаю праўдаю дзеля кароткачасовай карысці і не губляючы годнасці дзяржавы», — піша Аўдронюс Ажубаліс.

Пра тое, што імёны паўстанцаў будуць напісаныя на літоўскай, польскай і беларускай мовах, стала вядома 15 красавіка. Спачатку меркавалася зрабіць надпісы толькі па-літоўску і па-польску. Але ўраду Літвы быў перададзены зварот больш як 500 грамадзкіх дзеячоў Беларусі, якія настойвалі на ўшанаванні паўстанцаў 1863-1864 гадоў у тым ліку на беларускай мове.

На гары Гедзіміна знайшлі парэшткі 20 з 21 пакараных паўстанцаў. Парэшткі Кастуся Каліноўскага ідэнтыфікаваныя з пэўнасьцю на 95%. На ўрачыстую цырымонію перапахавання парэшткаў паўстанцаў, знойдзеных летась на гары Гедзіміна ў Вільні, будуць запрошаныя найвышэйшыя службовыя асобы Беларусі, Польшчы і Ўкраіны.

Мемарыяльныя ўрачыстасці запланаваныя на дзень ушанавання памерлых продкаў — Дзяды, 2 лістапада 2019 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0