Калегіяй Міністэрства культуры 25 красавіка прынята рашэнне аб наданні статуса «Культурная сталіца года» ў 2020 годзе гораду Лідзе Гродзенскай вобласці, паведамляе Міністэрства культуры.

На працягу года ў рамках акцыі ў Лідзе будуць рэалізаваны шматлікія праекты, сярод якіх музейна-асветніцкі праект «Замак Гедыміна — сведка мінуўшчыны», маладзёжны фестываль андэграўнднага мастацтва «Нетыпічны PARADIS», абласны фэстываль маладзёжных субкультур «Моладзевая хваля», адкрыты фестываль-конкурс мастацкай творчасці «Арт-тэрыторыя» і іншыя значныя культурныя мерапрыемствы.

— З’явяцца новыя сумесныя з рэспубліканскімі ўстановамі культуры праекты, пашырыцца супрацоўніцтва з рэспубліканскімі музеямі. Не выключаем і магчымасці правядзення фестывалю нематэрыяльнай культуры, які аб’яднае ўсю краіну. Яго аналаг не першы год існуе ў нашай вобласці — гэта рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гарадзеншчыны», — паведаміла «Гродзенскай праўдзе» начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

На званне культурнай сталіцы краіны нараўне з Лідай прэтэндавалі Глыбокае, Горкі і Барысаў. Паводле ацэнкі спецыялістаў, інфраструктура, сетка ўстаноў культуры і аб’екты культурнай спадчыны Ліды занялі лідзіруючую пазіцыю ў свайго роду культурным спаборніцтве.

Першым статус культурнай сталіцы Беларусі ў 2010 годзе атрымаў горад Полацк. У 2011 годзе эстафету прыняў Гомель, затым Нясвіж (2012), Магілёў (2013), Гродна (2014), Брэст (2015). У 2016 годзе тытул «Культурнай сталіцы Беларусі» насіў Маладзечна, у 2017 годзе — Бабруйск, у 2018 — Наваполацк. Носьбітам ганаровага статусу 2019 года з’яўляецца Пінск.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна