РІА Новості / Стрынгер

РІА Новості / Стрынгер

Расія думае пра тое, каб у будучыні выдаваць грамадзянам Украіны расійскае грамадзянства ў спрошчаным парадку, заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

«Мы ж не толькі людзям, якія пражываюць у «ЛНР» або «ДНР», далі такі спосаб атрымання нашага грамадзянства. Мы наогул думаем пра тое, каб надаваць у спрошчаным парадку грамадзянам Украіны наша грамадзянства», — прыводзіць РІА Новості выказванне Пуціна ў ходзе прэс-канферэнцыі па выніках візіту ў Пекін.

На гэтым тыдні, 24 красавіка, Пуцін падпісаў указ аб спрошчаным атрыманні расійскіх пашпартоў жыхарамі асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей Украіны. Заявы жыхароў «ЛНР» і «ДНР» павінны разглядацца не даўжэй за тры месяцы, указ ўступіў у сілу з моманту апублікавання.

На прэс-канферэнцыі прэзідэнт Расіі адзначыў, што гэтае рашэнне не было спантанным. «Яно не прымалася з наскоку. Перш чым падпісаць гэты ўказ, мы ўсё палічылі: і колькасць магчымых прэтэндэнтаў на нашы пашпарты, і колькасць пенсіянераў з гэтага ліку — гэта прыкладна адна траціна з таго кантынгенту, які, як мы мяркуем, можа прэтэндаваць на наша грамадзянства», — растлумачыў ён.

Выдаткі на выдачу пашпартоў жыхарам «ДНР» і «ЛНР» Пуцін ацаніў у сто мільярдаў расійскіх рублёў на працягу некалькіх гадоў. Паводле яго слоў, гэта не стане нечым крытычным для расійскага бюджэту. Пры гэтым жыхары «ЛНР» і «ДНР» атрымаюць расійскія пенсіі толькі пры пераездзе ў Расію.

Указ Пуціна выклікаў рэзкую рэакцыю ўкраінскіх уладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0