Міністэрства сувязі і інфарматызацыі 4 мая выпускае ў абарачэнне паштовую марку «200 гадоў з дня нараджэння Станіслава Манюшкі», паведамляе Белпошта.
Намінал маркі M адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай простай паштовай карткі прыярытэтнай.
Дызайн маркі распрацавала Алена Мядзведзь. У лісце сем марак і адзін купон. Памер ліста 127х147 мм. Наклад маркі 49 тысяч.
У дзень выпуску ў абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі №1 Мінска (крама «Філатэлія», вул. Маскоўская, 16) пройдзе спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».
Дызайн спецштэмпеля і канверта «Першы дзень» Алены Мядзведзь.
Штемпель спецгашения:
Праект падрыхтаваны па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
Беларускі і польскі кампазітар, дырыжор, педагог Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 года ў маёнтку Убель Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Убель Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці). Манюшка вядомы як стваральнік польскай нацыянальнай класічнай оперы («Галька», пастаўлена ў Варшаве ў 1858). Камічную оперу «Ідылія» («Сялянка», сумесна з К. Кжыжаноўскім), пастаўленную ў 1852 годзе ў Мінску, музыказнаўцы лічаць першай беларускай операй, дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта беларускай мовы (разам з польскай) і беларускага музычнага фальклору.
Юбілейная дата — 200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі — занесеная ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА.





