Чыстая нафта паступіць на нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры 2-3 мая. Пра гэта журналістам распавялі ў Мінэнерга Расіі, піша РБК

Як патлумачылі ў ведамстве, каля 17:00 экспартная нафта, якая адпавядае тэхналагічным стандартам, дасягнула расійска-беларускай мяжы. Зыходзячы з гэтага ў Мінэнерга выказалі здагадку, што на НПЗ у Мазыры яе атрымаюць 2-3 мая, гаворыцца ў паведамленні ведамства.

У ведамстве падкрэслілі, што нармалізацыя якасных характарыстык нафты, якая паступае ў порт Усць-Луга, чакаецца 7 мая.

Днём 29 красавіка прадстаўнік віцэ-прэм'ера Расіі Дзмітрыя Козака Ілля Джус распавёў пра тое, што якасная нафта па трубаправодзе «Дружба» дасягнула дыспетчарскай станцыі «Унеча» у Бранскай вобласці, якая мяжуе з Беларуссю.

26 красавіка намеснік міністра энергетыкі Расіі Павел Сарокін па выніках сустрэчы аператараў «Дружбы» ў Мінску паабяцаў, што чыстая нафта прыйдзе на завод у Мазыры ў пачатку мая, а праз два тыдні дасягне мяжы Беларусі і Польшчы.

Спрэчка вакол няякаснай нафты, якая паступае па «Дружбе», пачалася 19 красавіка. Тады кампанія «Белнафтахім» паведаміла, што ў расійскай нафты ўтрымліваюцца хлорарганічныя злучэнні, «якія перавышаюць у дзясяткі разоў гранічныя значэнні». Пазней некалькі краін, у тым ліку Германія, Польшча і Украіна, прыпынілі пастаўкі сырой нафты з Расіі па нафтаправодзе «Дружба».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0