Фота Сяргея Гудзіліна.
Па словах саміх бацькоў, самае страшнае — напісаць, што дзіця будзе дома. Бо тады яго могуць прыцягнуць у школу. «Мы два лета біліся, каб дачку не прыцягвалі ў выязны лагер МУС, дзе пад кіраўніцтвам міліцыі дзяцей вучаць карысным справам», — падзялілася ў сацсетках адна з мам.
«Я працавала ў адной гарадзенскай гімназіі, там настаўнікаў прымушалі збіраць такую інфармацыю па тыднях. І не дай Бог бацькі напішуць, што дзіця дома! — напісала былая настаўніца. — Бацькам задураць галаву, выклікаючы дзіця на разнастайныя «моташна-сумныя» мерапрыемствы, «каб было занята»! Мае бацькі, у выпадку калі дзіця дома, пісалі, што ў бабулі. Тады ніхто не дакалупваўся. А ўвогуле часцей за ўсё такія штукі — выдумкі мясцовай адміністрацыі. Ад раённага аддзела адукацыі паступае іншая разнарадка».
Навошта ўсё гэта трэба? Немагчыма ж дакладна сказаць, чым будзе занята дзіця праз месяц у той ці іншы канкрэтны дзень. Тым больш за малых адказваюць менавіта бацькі, а не школа і чыноўнікі.
«Наша Ніва» звярнулася па каментар ў аддзел адукацыі Гарадзенскага гарвыканкама, каб даведацца, чыя гэта ініцыятыва і навошта школе падрабязныя справаздачы на кожны дзень, але адказу так і не атрымала.





