У сакавіку 1933 года беларускі мастак Язэп Драздовіч па запрашэнні акруговай управы Таварыства Беларускай Школы прыязджае з Вільні ў Беласток, дзе стварае дэкарацыі для спектакляў, якія ладзіць драматычная секцыя ТБШ, што апісаў у дзённіку. Ім былі намаляваныя двухбаковыя палотны: «Беларуская вёска з вуліцай», «Краявід», «Пушча» і «Замчышча» піша «Радыё Рацыя».

У 1936 годзе карціны былі перададзены беларускаму актывісту Канстанціну Сідаровічу і праляжалі больш за 30 гадоў на гарышчы яго прыватнага дома. Пазней уладальнікам дэкарацый стала Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку. У 60-70-х гадах яны часамі выкарыстоўваліся БГКТ падчас культурніцкіх мерапрыемстваў.

У 2002 годзе гісторык Алена Глагоўская са студэнтамі беластоцкага ўніверсітэта выставілі палотны на выставе, што праходзіла ў Музеі імя Альфонса Карнага. Выстава была прымеркавана да арганізаванага ёй семінара, які прысвячаўся беларускай культуры ў міжваеннай Польшчы. Пасля яны вярнуліся ў БГКТ, дзе далей захоўваліся на паддашшы таварыства больш за 10 гадоў.

Палотны дэкарацый створаныя Язэпам Драздовічам у Беластоку для тэатра ТБШ. Фота radio.bialystok.pl.

Палотны дэкарацый створаныя Язэпам Драздовічам у Беластоку для тэатра ТБШ. Фота radio.bialystok.pl.

У 2015-м Галоўнае праўленне Беларускага грамадска-культурнага таварыства перадало дэкарацыі Падляшскаму музею ў Беластоку. Планавалася, што іх адрэстаўруюць і выставяць у музеі. 

Падчас перадачы Дырэктар Падляшскага музея, гісторык Анджэй Ляхоўскі пацвердзіў, што палотны надзвычай важныя для культуры беларускай меншасці, а таксама для гісторыі Беластока. Матэрыяльных сведчанняў пра жыццё беларускай супольнасці ў міжваеннага перыяд захавалася няшмат. Добра задакументавана культурнае жыццё польскай супольнасці, габрэйскай, нямецкай крыху менш, а беларускай амаль няма. Гэта важны элемент у шматкультурнай мазаіцы рэгіёна.

Працэс перадачы палотнаў БГКТ Падляшскаму музею ў 2015 г. Фота radio.bialystok.pl, wyborcza.pl.

Працэс перадачы палотнаў БГКТ Падляшскаму музею ў 2015 г. Фота radio.bialystok.pl, wyborcza.pl.

Мы вырашылі звярнуцца ў Падляшскі музей, каб даведацца, дзе зараз знаходзяцца працы Драздовіча, як выглядае справа з рэстаўрацыяй і ці будуць яны выстаўлены. «Палотны будуць рэстаўраваныя, хоць мы ацэньваем іх стан як добры, — адказалі ў музеі. — Калі атрымаем сродкі, то ў 2020 палотны будуць закансерваваны і выстаўлены».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?