Чаму Атлантыда? Студэнт Мікіта Вушаў упэўнены, што лёсы Атлантыды і беларускай мовы вельмі падобныя. Актывісты «Атлантыды» арганізавалі «Хуткія спатканні» ў сталоўцы БДУ, прагляды фільмаў на роднай мове, экскурсіі ў музеі, сустрэчы са знакамітымі беларусамі.

Мікіта вучыцца на другім курсе факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Бацькі хлопца заўсёды размаўлялі па-руску, таму доўгі час беларуская мова была для яго толькі вучэбным прадметам у школе. Але ў старшых класах усё змянілася.

— Больш за ўсё мяне натхніў настаўнік па астраноміі. Ён выкладаў прадмет па-беларуску. Я чуў замест «солнце» — «сонейка», а замест «звёзды» — «зорачкі». Лёд у маім сэрцы растаў, і я вырашыў паспрабаваць перайсці на беларускую мову, — успамінае Мікіта.

Хлопец пачаў пісаць па-беларуску ў сацыяльных сетках. Наступны крок — гутаркі на мове з сям'ёй і сябрамі, а потым і з усімі навокал.

— Гэта быў нялёгкі шлях, — прызнаецца студэнт. — Падчас кардынальнай перамены я сустрэў шмат людзей, якія мяне падтрымалі. Вось толькі самі яны не адважваліся зрабіць тое ж. Тады ў мяне з'явілася ідэя: чаму б не стварыць такую платформу, дзе можна было б акунуцца ў беларускамоўнае асяроддзе? Каб проста можна было прыйсці і паразмаўляць.

На той момант у хлопца ўжо быў вопыт у арганізацыі сацыяльных праектаў. Увесну студэнт запусціў рух «Вандровар» — аб'яднанне аматараў веласіпедаў.

Наступным праектам для Мікіты стала «Атлантыда». Хлопец сабраў каманду сяброў, разам з якімі распланаваў усе дэталі і падзяліў абавязкі.

— Шмат часу сышло на тое, каб распаўсюдзіць інфармацыю праз знаёмых, праз сацыяльныя сеткі, — расказвае Мікіта. — Цяпер у нашай суполцы УКантакце больш за 500 чалавек. Акрамя таго, мы атрымалі каля 70 анкет ад тых, хто хацеў бы нам чымсьці дапамагаць.

Пакуль «Атлантыда» дзейнічае па чатырох кірунках. Першы — «Музеі». Удзельнікі дамаўляюцца і разам ідуць на экскурсію. 

Яшчэ адзін — «Кіно на мове». Гэта прагляд фільмаў у перакладзе на беларускую ў прыемнай кампаніі і ўтульнай атмасферы. 

Наступнае «дзіця» праекта — «Хуткія спатканні». 15 хлопцаў і 15 дзяўчат збіраюцца ў сталоўцы галоўнага корпуса БДУ. У кожнай пары ёсць пяць хвілін, каб пазнаёміцца. Затым хлопцы падсаджваюцца да наступнай дзяўчыны. Кожны з удзельнікаў адзначае ў спецыяльнай «карце сімпатый», ці спадабалася ім гутарка з чалавекам.

Калі ўсе 15 спатканняў завершаны, арганізатары збіраюць і правяраюць анкеты. У выпадку ўзаемнай сімпатыі ўдзельнікам дасылаюцца кантакты тых, хто ім спадабаўся.

— Кожны выбірае для гутаркі тую мову, якая яму зручная. Але мы папярэджваем удзельнікаў: калі яны хацелі папрактыкавацца ў беларускай — гэта выдатная магчымасць. Бо ўсіх людзей на «спатканні» ты бачыш упершыню, таму і размаўляць можаш не так, як звычайна, — лічыць кіраўнік «Атлантыды».

Чацвёртае мерапрыемства — «Размова» — інтэрв'ю са знакамітымі беларусамі. Першая сустрэча была з банкірам Віктарам Бабарыкам. Бізнесмен згадзіўся на інтэрв'ю вельмі хутка — дастаткова было толькі напісаць яму ў фэйсбуку. На працягу дзвюх гадзін студэнты задавалі Віктару пытанні, а пасля відэаверсія гутаркі з'явілася ў сацыяльных сетках.

А пасля былі «Размовы» з ІT-прадпрымальнікам Юрыем Мельнічакам і гуртам Navіband.

Мікіта ўпэўнены, што папулярызацыя беларускай мовы пачынаецца з разбурэння стэрэатыпаў аб ёй. «Я ведаю, што некаторыя нашы суайчыннікі чуюць мову вельмі рэдка, — кажа Мікіта. — Але чым часцей ты сустракаешся з пэўнай з'явай, тым больш звыклай яна для цябе становіцца. На мерапрыемствах «Атлантыды» мы не прымушаем нікога выкарыстоўваць толькі беларускую. Аднак у той жа час на ёй размаўляюць арганізатары, друкуюцца анкеты. Такім чынам чалавек усведамляе: беларуская мова, як і любая іншая, — звычайны сродак перадачы інфармацыі.

«Атлантыда» падарыла Мікіту і знаёмствы, і вопыт, кажа ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?