Цяпер Гарадок — гэта проста вёска пад Маладзечнам, а калісьці гэты быў важны памежны горад Полацкага княства.

«Яшчэ калі я быў дзіцем, каля гарадзішча ў Гарадку з сябрамі знаходзілі аскепкі рознага каляровага шкла і адносілі іх у мясцовы музей. Пасля бегалі туды штодня і здзіўляліся, чаму нашых знаходак няма ў экспазіцыі», — расказвае Аляксей Жахавец, 29-гадовы слесар механа-зборачных работ з Маладзечна.

Аляксей Жахавец.

Аляксей Жахавец.

Цяпер хлопец таксама часта забягае ў музей. І прыходзіць туды не з пустымі рукамі.

«Ведаеце, гісторыя Гарадка настолькі была насычаная падзеямі, што артэфакты валяюцца літаральна пад нагамі. Не так даўно я ў агародзе, калі садзіў бульбу, знайшоў манету 1861 году, пасля яшчэ адну — нямецкую ад 1941 году. Калі мне толькі было гадоў шэсць, не больш, я зразумеў, што мая вёска незвычайная», — кажа Аляксей.

Манета 1861 году, якую Аляксей Жахавец знайшоў у агародзе.

Манета 1861 году, якую Аляксей Жахавец знайшоў у агародзе.

Пасля яму трапіўся на вочы артыкул у мясцовай газеце, які напісаў дзядуля Аляксея Канстанцін.

«У тым артыкуле дзядуля ўзгадваў, што першы раз Гарадок ўзгадваецца ажно ў 1161 годзе.

Пісаў пра тое, што ў Гарадку было раней: бальніцы, аптэка, бібліятэка, яўрэйскі народны банк, розныя крамы, млын, пякарня, гарбарны завод, гамарня — гэта значыць, металаапрацоўчая майстэрня, швейная і гадзіннікавая майстэрні, два базары. Былі пабудаваныя тут і тры храмы, адзін з каторых — Свята-Траецкая царква ў цэнтры вёскі, якая перажыла многае, у тым ліку і нямецкую акупацыю.

На рынку ў Гарадку. Пачатак 50-х гадоў.

На рынку ў Гарадку. Пачатак 50-х гадоў.

А вось бязглуздасць партызанаў не перажыла. Дзядуля казаў, што каб паказаць сваю актыўнасць, партызаны спалілі Свята-Траецкую царкву. Дзядуля заклікаў чытачоў газеты далучыцца да аднаўлення царквы. А я чытаў артыкул і да мяне прыходзіла ўсведамленне, колькі ж я яшчэ не ведаю пра Гарадок».

Маленькі Аляксей на фоне разбуранай царквы. 

Маленькі Аляксей на фоне разбуранай царквы. 

Пасля артыкула, які напісаў дзед Аляксея Жахаўца ў 1991 годзе, сродкі на аднаўленне царквы знайшліся і вяскоўцы дружна ўзяліся за работу.

Пасля артыкула, які напісаў дзед Аляксея Жахаўца ў 1991 годзе, сродкі на аднаўленне царквы знайшліся і вяскоўцы дружна ўзяліся за работу.

Тады Аляксей Жахавец і зразумеў, што вывучаць гісторыю мястэчка — у нейкай ступені яго абавязак.

«Мае продкі не былі карэннымі жыхарамі Гарадка, бабуля сама з-пад Хойнікаў, дзядуля — з Валожынскага раёна, у 1986 годзе купілі ў Гарадку дом, бо дзядуля хадзіў сюды ў школу з суседняга раёна. Але я сёння разумею, што больш роднага і блізкага мне месца знайсці нельга. Мне тут цікава ўсё. І чым больш я даведваюся, тым больш разумею, што кропку ў маёй працы паставіць проста нельга. Кожны дзень здараюцца падзеі, адгукаюцца нашчадкі былых жыхароў Гарадка, знаходзяцца новыя дакументы і звесткі пра Гарадок. Цяжкасці ў тым, што Гарадок — назва распаўсюджаная. І, бывала, я толькі ўзрадуюся новай інфармацыі, як аказваецца, што гаворка пра Гарадок, што знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, або наогул пра нейкае ўкраінскае мястэчка. Некалькі год таму я зразумеў, што веды пра Гарадок трэба сістэматызаваць і дзяліцца імі з іншымі, таму стварыў сайт horodok.by», — расказвае Аляксей.

Замчышча ў Гарадку памятае яшчэ Рагнеду

Аляксей прапаноўвае прайсціся да месца, з якога пачынаўся Гарадок — замчышча, якое памятае яшчэ часы полацкіх князёў.

Дзіўна, але велічнае замчышча не адразу заўважыш, калі трапляеш у Гарадок першы раз. А між тым яно знаходзіцца літаральна ў цэнтры вёскі.

«Стоячы тут, на самым версе замчышча, хочаш не хочаш, а адчуваеш, што ты дакранаешся да мінулага. Гэта толькі падумаць, што нейкіх 10 стагоддзяў таму тут адбываліся бітвы, зіхацелі даспехамі вершнікі, іржалі коні, — расказвае Аляксей.— Сёння ад замку засталіся толькі валы, роў, з якіх мясцовыя нарабілі сабе сажалак. Як выглядаў замак, невядома».

Калісьці гэтыя сажалкі былі часткай равоў, якія атачалі замак. 

Калісьці гэтыя сажалкі былі часткай равоў, якія атачалі замак. 

На месцы гарадзішча не раз праводзіліся раскопкі, тут знаходзілі старую кераміку.

«Ёсць адна легенда, звязаная з замчышчам, але, на жаль, яна нідзе дакументальна не зафіксаваная. Паводле падання, тут быў замак з вежай, у якім знаходзілася Рагнеда — Полацкая князёўна. Як вядома з гісторыі, Рагнеда са сваім старэйшым сынам Ізяславам, які падняў руку на бацьку, Кіеўскага князя Уладзіміра, былі сасланыя ў заснаваны для іх горад Ізяслаўль (у нашы дні — Заслаўе). Існуе верагоднасць, што Рагнеда знаходзілася ў «замку» ў Гарадку да высялення ў Заслаўе», — распавядае Аляксей.

З валоў гарадзішча Гарадок бачны як на далоні.

«Вось там млын, — паказвае Аляксей у левы бок, там, паказвае направа, — быў рынак. Вунь на месцы таго дамка дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Каміла арганізавала школу для дзетак тых вяскоўцаў, якія не маглі сабе дазволіць плаціць за вучобу дзяцей у народным вучылішчы, якое таксама адкрылася ў Гарадку ў 1862 годзе», — кажа Аляксей.

Ні будынку народнага вучылішча, ні школы не захавалася.

Школа-прытулак установы па ўладкаванні бежанцаў у мястэчку Гарадок Вілейскага павета Віленскай губерні. 26 снежня 1916 года.

Школа-прытулак установы па ўладкаванні бежанцаў у мястэчку Гарадок Вілейскага павета Віленскай губерні. 26 снежня 1916 года.

«Школа, на жаль, праіснавала зусім нядоўга. Каміла, акрамя выкладчыцкай дзейнасці, купляла зброю для паўстанцаў. Нехта данёс на Камілу і яе затрымалі. Больш у Гарадок яна не вярнулася», — расказвае Аляксей.

Сёння на месцы былой школы стаіць драўляны дом. 

Не адна Каміла пакінула свой след у Гарадку. Тут бываў і яе бацька Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Вельмі часта сюды прыязджаў арганізатар беларускага нацыянальнага тэатра Ігнат Буйніцкі. Янка Купала наведваў тут прытулак дзяцей-сірот. З гэтымі мясцінамі звязаныя імёны выдатнага даследчыка этнаграфіі і археалогіі Маладзечаншчыны Адама Кіркора, Артура Бартэльса — удзельніка паўстання 1863 года, паэта, мастака-графіка, які ўпрыгожыў выдатную манаграфію Канстанціна Тышкевіча «Вілія і яе берагі».

Млын, які можна набыць за 50 тысяч долараў

«Яшчэ каб нехта млын купіў», — працягвае Аляксей.

Млын — галоўная славутасць Гарадка. Ён стаіць на ўездзе ў вёску — рамантычная камяніца з традыцыйнай цэглы і каменю.

«Пабудаваны млын недзе ў канцы ХІХ стагоддзя. Спраектаваў яго мясцовы жыхар Аўрам Бергер», — кажа Аляксей. 

Млын знаходзіцца на скрыжаванні дарог, якія вядуць з Маладзечна ў бок Аляхновіч і Мінска, добра бачны с трасы. Побач — вялізная сажалка, месца найпрыгажэйшае.

У 2008 годзе млын выкупілі прыватныя інвестары.

«На месцы млына хацелі зрабіць кавярню і гасцініцу. Але не разлічылі свае магчымасці. Абяцанні аднавіць млын, пачысціць сажалку так і засталіся абяцаннямі. Сёлета млын выставілі на продаж. Ацанілі яго ўсяго ў 50 тысяч долараў. Вядома, тут патрэбныя вялікія грашовыя ўкладанні, але вельмі хочацца, каб гэта месца ў хуткім часе ажыло», — расказвае Аляксей Жахавец.

У мястэчку ёсць і свой музей. Называецца ён Гарадоцкі цэнтр культуры і побыту. Адкрыты ў 1994 годзе. На адкрыцці музея, які тады быў літаратурным, прысутнічалі Ніл Гілевіч і Янка Брыль.

Янка Брыль і Ніл Гілевіч на адкрыцці гарадоцкага музея.

Янка Брыль і Ніл Гілевіч на адкрыцці гарадоцкага музея.

Сёння — гэта месца, дзе вам раскажуць пра побыт жыхароў Гарадка, пра гісторыю мястэчка ў фотаздымках, пакажуць калекцыю манет, якія знаходзілі ў Гарадку. Калі маеце патрэбу, дзеля вас спецыяльна арганізуюць абзорную экскурсію па мястэчку або гульню-квэст. А яшчэ ў музеі вам раскажуць і пакажуць пра такі від народнай творчасці, як лялькі-матанкі.

«Музей знайсці лёгка, ён месціцца амаль у цэнтры вёскі. Будынак прыгожы. Яго прывезлі аднекуль, раней ён быў драўляным. Першапачаткова на гэтым месцы стаяў ешыбот, яўрэйская школа. А да музея быў адзін з карпусоў школы», — кажа Аляксей.

Наогул, развагі пра тое, што «тут было раней» у Аляксея адны з улюбёных.

«Я адшукваю старыя фотаздымкі, старыя карты і параўноўваю з тым, што бачу цяпер. Часам здараюцца і нечаканыя адкрыцці. Напрыклад, хлеў, што месціцца ля замчышча, застаўся ў дакладна такім стане, якім ён быў на нямецкіх картах 40-х гадоў», — дзеліцца назіраннямі Аляксей.

«Тады немец узяў немаўля за ножкі і ўдарыў яго аб сцяну»

Другая сусветная вайна пакінула свой крывавы след у гісторыі Гарадка.

«Гарадок быў збольшага яўрэйскім мястэчкам. Да вайны ў Гарадку, згодна перапісу, жыло 1095 яўрэяў. Пасля вайны засталося дзве сям'і: Гіршы Бермана і Янкеля Авербуха. Яны выжылі «дзякуючы» таму, што да вайны былі сасланыя ў сталінскія лагеры, і вярнуліся ў Гарадок толькі пасля вайны. У мястэчку існавала гета з сакавіка па ліпень 1942 году. Пры ліквідацыі гета частку працаздольных яўрэяў адправілі ў лагер у Краснае, астатніх знішчылі. Большасць яўрэяў на машынах вывезлі за вёску, дзе расстралялі, а пасля спалілі. Тых яўрэяў, што адмаўляліся або не маглі самастойна пакінуць гета, забівалі проста ў вёсцы. Мясцовыя жыхары ўспаміналі, што ўжо ў мірны час, калі аралі поле побач з тым месцам, дзе расстрэльвалі гарадокскіх яўрэеў, пад плуг трапіла жаночая галава з чорнымі валасамі. Страшны быў час», — расказвае Аляксей Жахавец.

Аляксей Жахавец выявіў месца, дзе растрэльвалі яўрэеў. І вельмі хоча, каб пэўныя спецыялісты даследвалі гэта месца і ўзялі яго пад ахову. 

Аляксей шукае любую магчымасць знайсці сведкаў таго часу. Гутарыць з мясцовымі старажыламі, піша лісты тым, хто з’ехаў з Гарадка, шукае людзей ў інтэрнэце. Шмат хто адгукаецца сам. Аднойчы Аляксею Жахаўцу напісала жанчына, дачка жыхароў Гарадка, якія яшчэ памяталі вайну.

Жанчына расказала, што бацька ёй распавядаў пра тое, што ў дзень, калі ліквідавалі гета, з дому вывелі маладую жанчыну з двухмесячным дзіцяткам на руках. Дзіця расплакалася. Тады немец узяў яго за ножкі і з усёй сілы ўдарыў аб кут дома.

Таксама яна памятае, як пасля вайны вяскоўцы збіраліся ў Янкеля Авербуха гуляць у карты. Ён быў галантарэйшчыкам, прадаваў ніткі, іголкі, фарбу для тканіны. Ён адзіны і апошні яўрэй, што застаўся ў Гарадку. Не раз казаў, што гэта яго дом і хоча быць пахаваны тут, на праваслаўных могілках.

Хаця ў Гарадку існавалі і яўрэйскія могілкі.

«Я хачу, каб сюды прыязджалі людзі і даведваліся пра тое, дзе пахаваныя іх продкі»

Габрэйскія могілкі сёння закінутыя. Але Аляксеем не забытыя.

«Я займаюся гэтымі могілкамі, стараюся, па магчымасці, падымаць, чысціць помнікі. Я хачу, каб людзі даведаліся, дзе пахаваныя іх продкі. Прыязджалі ў Гарадок, аддавалі даніну памяці, а магчыма прывозілі б і фотаздымкі, і цікавосткі пра Гарадок, пра якія я нават не здагадваюся», — кажа Аляксей.

Акрамя Аляксея, Ліна Цывіна, неабыякавая мінчанка, якая некалькі гадоў таму купіла лецішча пад Гарадком, таксама ўкладае і свае грошы, і свае сілы, каб могілкі падтрымліваліся ў належным стане.

Аляксей працягвае:

«Я стаў цікавіцца тым, якую інфармацыю ўтрымліваюць яўрэйскія мацэвы (помнікі). Магу прачытаць дату, разумею, жанчына ці мужчына пахаваныя тут. Але хочацца ўмець чытаць усю інфармацыю. Акрамя яўрэйскіх могілак, хачу зрабіць лічбавы каталог і вясковых могілак. На жаль, шмат помнікаў у вельмі дрэнным стане, і каб прачытаць інфармацыю з іх, даводзіцца выкарыстоўваць пену для галення. Наносіш яе на помнік, праводзіш скрабком і можна чытаць».

Старыя фотаздымкі Гарадка: ад Маладзечна да Японіі

Пра фотаздымкі, якія сёння мае Аляксей, гаворка асобная. Як жартуе сам Аляксей, ён ужо «задурыў галаву» ўсім мясцовым жыхарам, каб падзяліліся сваім сямейным архівам.

«Хаджу, пытаюся пра старыя фотаздымкі, сканую. Часам сам не магу налюбавацца на тую прыгажосць, што бачу на здымках. Гарадоцкія дзяўчаты, краявіды, дамы. Не адарваць вачэй!»

Цюшкі.

Даўнейшы вазок.

Выдатны ўраджай.

У каноплях.

У каноплях.

А некаторыя фотаздымкі прыляцелі з самой Японіі.

«На нейкім форуме я ўбачыў, што японец Акіра Такігучы, які калекцыянуе фотаздымкі часоў Другой сусветнай, спытаўся, ці ведае хто, што за Гродэк падпісаны на фота. Я глянуў і зразумеў, што гэта ж наш! Напісаў яму і ён даслаў мне ўсе фоты з Гарадку, якія былі ў яго калекцыі. Гэтае пачуццё, калі ты ўпершыню бачыш фота, немагчыма параўнаць ні з чым», — распавядае Аляксей.

Гарадок падчас нямецкай акупацыі. Фота з асабістага архіва Акіры Такігучы.

Гарадок падчас нямецкай акупацыі. Фота з асабістага архіва Акіры Такігучы.

«Самая запаветная мара, каб Гарадок стаў турыстычным месцам»

«Канечне ж, я кажу паўжартам, што мару, каб маім імем назвалі вуліцу ў Гарадку. Хаця ад дома бабулі да магазіна вядзе вулачка ў чатыры дамы, вось яе можна было б назваць вуліцай Жахаўца», — усміхаецца Аляксей.

Што ж датычыць сапраўднай мары, то яна ў Лёшы вельмі простая:

«Я хачу, каб Гарадок стаў турыстычным месцам, каб сюды часцей прыязджалі людзі, каб даведваліся пра сваю гісторыю, каб здзіўляліся і адкрывалі для сябе нешта новае. А яшчэ ў Гарадку збываюцца самыя запаветныя жаданні. Дастаткова толькі загадаць яго ля старажытнага каменя», — падсумаваў Аляксей Жахавец.

Легенда пра сэрца каменя з Гарадка

На выездзе, пры дарозе, якая вяла да млына, рос дуб, а ля падножжа дуба ляжаў вялікі камень.

Жыхары вёскі і падарожныя прыходзілі да каменя, расказвалі яму пра свае жыццёвыя праблемы, беды, і прасілі дапамогі.

У Гарадоцкім замку тады жыў князь з жонкай і дачкой. Прыйшоў час, дачка выйшла замуж. Усё было добра, але князёўна не магла ўзрадаваць князя і падарыць яму ўнука, а мужу — сына. Князёўна тройчы хадзіла з шчодрымі гасцінцамі да каменя, прасіла дапамогі. Але камень не чуў яе. Прыйшлося князю клікаць на дапамогу вешчуноў. І вось, аднойчы, прыйшоў знахар Вінцусь. Ён распавёў князю аб тым, што ў кожнага каменя, якому пакланяюцца, ёсць сэрца. Калі з каменя выняць сэрца, то яно можа выканаць любое адно жаданне і да канца стагоддзяў, будзе выконваць толькі адно гэтае жаданне. Для гэтага трэба спілаваць дуб, абкласці дровамі камень і пячы яго трое сутак.

Князь паслухаўся, загадаў спілаваць дуб і развесці вялікае вогнішча вакол каменя. Тры дні і тры ночы шугаў агонь. Языкі полымя прагна палілі камень. На чацвёртыя суткі камень раскалоўся. Сярод аскепкаў ляжала каменнае сэрца. Першае жаданне, якое даверылі каменным сэрцу — гэта запаветная мара князёўны — стаць маці. У належны тэрмін жаданне князёўны збылося.

Камень і цяпер ляжыць на ўездзе ў вёску Гарадок, мясцовыя называюць яго камень Вінцусь. І кажуць, што камень, сапраўды, спаўняе жаданні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?