У 220-ю гадавіну нараджэньня расейскага паэта Аляксандра Пушкіна ягоны беларускі цёзка мастак Алесь Пушкін зладзіў пэрформанс супраць дыскрымінацыі беларускай мовы і русіфікацыі, піша «Радыё Свабода».
6 чэрвеня Алесь Пушкін выйшаў да крамы сеткі «Эўраопт» у цэнтры Крупак з плякатамі «Беларусь у NATO», «Russia — war!» («Расея — вайна»), «Stop Russian Agression on Europe» і інш.
Пратэстнай пляцоўкай стала крама «Эўраопт» у горадзе Крупкі Менскай вобласьці, у якой 8 траўня ў Пушкіна адбыўся інцыдэнт на моўнай глебе, там яго адмовіліся абслугоўваць па-беларуску.
Праз паўгадзіны да Пушкіна выйшаў ахоўнік крамы і спрабаваў справакаваць яго на канфлікт.
Неўзабаве пад’ехала міліцыя. Міліцыянты канфіскавалі ўсе плякаты і сьцяг мастака і спрабавалі яго затрымаць, але Пушкін супраціўляўся, тады некалькі міліцыянтаў сілай пацягнулі яго ў міліцэйскую машыну.
Дата пэрформансу была выбраная невыпадкова: 6 чэрвеня — дзень нараджэньня расейскага паэта Аляксандра Пушкіна.
Мастак Алесь Пушкін, які жыве ў вёсцы Бобр Крупскага раёна, вядомы актыўным адстойваньнем правоў беларускамоўных.





