У Смалявіцкім раёне пасажыр на хаду выскачыў з машыны, якая хавалася ад пагоні ДАІ. Кіроўца, які ехаў на машыне сябра, быў п'яны, аўтамабіль з'ехаў у кювет і перакуліўся. Выбраўшыся праз бакавое акно легкавіка, мужчына паспрабаваў збегчы, але яго затрымалі, паведамляе міліцыя.

Пагоня адбылася 6 чэрвеня прыблізна ў 14.00. Даішнікі звярнулі ўвагу на Volkswagen Golf чырвонага колеру, у якога не было пярэдняга крыла. Кіроўца на патрабаванні ДАІ спыніцца не адрэагаваў і працягнуў рух, рэзка павялічваючы хуткасць. Пачаўся пераслед. На палявой дарозе з машыны на хаду выскачыў пасажыр. Затым Volkswagen спыніўся, і з пярэдняга сядзення выбраўся другі. Гэтым скарыстаўся старшы дзяржаўтаінспектар Дзмітрый Гарадко. Ён паспрабаваў выцягнуць ключы з замка запальвання. Але кіроўца працягнуў рух, скінуўшы супрацоўніка ДАІ.

Нарад працягнуў пераслед. Прыкладна праз кіламетр кіроўца з'ехаў у правы кювет. Пасля чаго выбраўся з машыны праз адкрытае акно і паспрабаваў схавацца ад праваахоўнікаў. Але яго затрымалі.

За рулём Volkswagen знаходзіўся 26-гадовы жыхар вёскі Зарэчча. Яго ўжо затрымлівалі з пагоняй 28 мая, тады ён таксама быў п'яны — 1,5 праміле. У гэты раз агляд выявіў у яго 2,1 праміле. Правоў у мужчыны ніколі не было.

За нецвярозае кіраванне яго затрымлівалі яшчэ ў 2014 годзе і яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці. Аўтааматар адправіўся на 15 сутак у ізалятар часовага ўтрымання. За гэтую паездку на яго склалі пяць пратаколаў (у дадатак да шасці за пагоню 28 мая). Машыну сябра канфіскуюць, а за паўторнае п'янае кіраванне на працягу года кіроўцу пагражае крымінальная адказнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0