Падстаў для дзяржаўнага аб'яднання Расіі і Беларусі няма, такіх планаў не існуе, заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, піша interfax.by.
«Па маім глыбокім перакананні, мы ўсё ж такі адзін народ, але так склалася, што мы жывем у розных краінах, розныя дзяржавы ўтварыліся, я ўжо шмат разоў на гэты конт выказваўся. Але сёння няма ніякіх падстаў для дзяржаўнага аб'яднання, у нас няма такіх планаў, мэтаў няма», — сказаў Пуцін на пленарным пасяджэнні Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму ў пятніцу, адказваючы на пытанне пра магчымасць аб'яднання дзвюх краін.
Пуцін таксама адзначыў, што многае з дагавора аб Саюзнай дзяржаве да гэтага часу не зроблена. Паводле яго слоў, яны абмяркоўвалі з Аляксандрам Лукашэнкам, ці могуць Расія і Беларусь «у новых умовах сённяшняга дня нешта выканаць з таго, што не зроблена» або дадаць новыя актуальныя пытанні.





