У пачатку года на курсы ўкраінскай мовы запісалася каля 80 чалавек. Мэта, з якой прыходзілі слухачы на курсы, у кожнага свая. Хтосьці прыходзіў, каб падцягнуць узровень сваёй роднай мовы, хтосьці плануе працаваць ва Украіне, для некаторых у прыярытэце было вывучыць мову, каб мець магчымасць на ёй чытаць.

Настаўнік Аляксей Леановіч напалову ўкраінец. Яго мама родам з Харкаўшчыны. На курсы прыйшоў удасканаліць мову, якую чуў у сям’і з дзяцінства. 

Аляксей Леановіч лічыць, што цікавасць да беларускай мовы была б большай, каб кнігі каштавалі не так дорага.

Аляксей Леановіч лічыць, што цікавасць да беларускай мовы была б большай, каб кнігі каштавалі не так дорага.

«Мне вельмі цікавая гэта мова. Хачу, каб яна жыла не толькі ва Украіне, але і за мяжой, таму страюся ствараць вакол сябе ўкраінскую моўную прастору: гляджу ўкраінскае тэлебачанне, чытаю кнігі па-украінску.

Я сябе злавіў на думцы, што амаль увесь час размаўляю на ўкраінскай або расійскай мове. Таму вырашыў на наступны год пачаць наведваць курсы беларускай мовы.

Ведаеце, я разы чатыры на год бываю ва Украіне і заўсёды прывожу адтуль кнігі. Вось вам адказ на пытанне, як папулярызаваць беларускую мову.

Трэба зрабіць кнігі на беларускай мове больш таннымі. Напрыклад, ва Украіне няма падатку на даданую вартасць на кнігі, якія напісаныя па-ўкраінску.

І кнігі там каштуюць у разы два танней, чым у Беларусі. Таму на ўкраінскай мове я чытаю кнігі і сусветных аўтараў».

«Сучасная ўкраінская літаратура — гэта бясконцая прастора для шчасця»

Таццяна Струк, кіраўніца таварыства ўкраінцаў «Обрій», якая дапамагала на курсах з выкладаннем украінскай мовы, прыйшла на выпускны ў вышыванцы, якой больш за 100 гадоў.

«Мне падарыла яе бабуля маёй сяброўкі. Акрамя гэтай, у маім гардэробе ёсць яшчэ дзесяць старажытных вышыванак. Я нашу іх толькі на ўрачыстасці. Сёння адно з самых вялікіх святаў людзей, якія закаханыя ў мову», — расказвае спадарыня Таццяна.

Таццяна Струк цягам года выкладала ўкраінскую мову і літаратуру. А беларусам, якія хочуць пазнаёміцца з украінскай літаратурай, раіць пачаць з твораў Лесі Украінкі.

«Яна звязаная з Беларуссю, жыла тут на вуліцы, якая цяпер называецца Куйбышава, калі прыехала даглядаць свайго хворага сябра Сяргея Мяржынскага. Тут, у Мінску, яна напісала выдатную паэму «Апантаная». Таксама раю пачытаць Васіля Стуса, Сяргея Жадана. Ой, што там казаць! Сучасная ўкраінская літаратура — гэта бясконцая прастора для шчасця, медытацыі, і закаханасці ва ўкраінскую мову», — падсумавала Таццяна Струк.

Пасол Украіны: не рэкламуем курсы, бо баімся не даць рады з колькасцю ахвотных

Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім сустракаў выпускнікоў асабіста.

«Я бачу тут і ўкраінцаў, і беларусаў. І вельмі ўсцешаны такой цікавасцю да нашай роднай мовы! Калі ў 2018 годзе мы пачыналі курсы, рабілі гэта так: «Ну давайце паспрабуем!» І ўсім так спадабалася, што філіялы курсаў сёлета адкрыліся ў Гомелі і Брэсце. На наступны год ахопім усю Беларусь», — усміхаецца Ігар Кізім.

«Мяне папракалі, што было мала рэкламы курсаў, але я асцярожны. Што ж мы будзем рабіць, калі на наступны год атрымаем 300, 500 заявак? Зразумейце, курсы цалкам бясплатныя. Выкладчыкі працуюць на добраахвотных пачатак. Таму сёння я абавязкова падзякую не толькі нашым выпускнікам за цікаўнасць да мовы, але і выкладчыкам, за тое, што так аддана працавалі, і, канечне ж, Таварыству беларускай мовы, якое падтрымала нас», — падсумаваў спадар пасол.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?