Паліцыянты ідуць у бок пратэстоўцаў. Нур-Султан, 9 чэрвеня 2019 года. Фота: Радыё «Азатык»
Паліцыя затрымала каля 500 чалавек у дзень пазачарговых прэзідэнцкіх выбараў у Казахстане, паведамляе Радыё «Азатык».
Затрыманні адбыліся ў сталіцы Казахстана Нур-Султане, у Алматы і іншых гарадах — за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах.
«На вуліцах былі спробы дэстабілізаваць абстаноўку… У Нур-Султане спынены спробы перакрыцця ажыўленай дарогі, стварэння транспартнага калапсу па праспекце Рэспублікі ў раёне Палаца моладзі», — паведаміў на брыфінгу намеснік міністра ўнутраных спраў Казахстана Март Кажаеў.
Ён дадаў, што «ўсе мерапрыемствы былі праведзеныя ў строгай адпаведнасці з законам», а спецсродкі пры затрыманні правапарушальнікаў не ўжываліся.
Аднак, як гаворыцца ў паведамленні Радыё «Азатык», «паліцэйскія, у тым ліку байцы спецпадраздзяленняў, груба затрымлівалі людзей і запіхвалі іх у аўтазакі». Людзі, якія сабраліся, перад гэтым крычалі: «Байкот!»
Сярод затрыманых аказаліся журналісты: з плошчы павезлі карэспандэнта Азатыка Пятра Траценку, журналіста AFP Крыса Рыклтана, супрацоўніка Казахстанскага бюро па правах чалавека, які назіраў за ходам пратэстаў, Дзмітрыя Ціханава.
Затрыманні каля 20 чалавек прайшлі ў Шымкенце. Людзі, якія сабраліся на скрыжаванні дзвюх вуліц, нічога не скандіравалі, аднак паліцэйскія заштурхалі іх у машыны. На пытанне карэспандэнта «Азатыка» пра тое, за што іх затрымліваюць, паліцэйскія заявілі: «Для высвятлення асобы».
Затрыманне ў Шымкенце. 9 чэрвеня 2019 года. Фота: Радыё «Азатык»
У Нур-Султане затрыманні адбыліся каля палаца «Жастар», дзе сабраліся некалькі сотняў грамадзян. Людзі прыйшлі туды з блакітнымі паветранымі шарамі і скандіравалі: «Алга, Казахстан!», «Бастандык!» («Свабода!»), патрабуючы сумленных выбараў. На месцы пратэстаў затрымалі рэпарцёра «Азатыка» Санію Тойкен.
Усе выбарчыя ўчасткі завяршылі сваю працу ў 21:00 па мясцовым часе.
ЦВК Казахстана паведамляў, што па стане на 20:00 мясцовага часу на выбарах прэзідэнта прагаласавалі 77% грамадзян, якія маюць права голасу.
Адгадайце, з якім вынікам перамагае на выбарах у Казахстане Такаеў





