Нічога не прадвяшчала адстаўкі Ігара Шуневіча ў інфармацыі пра яго сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Прэс-служба прэзідэнта паведамляла, якія ўказанні дадзеныя міністру па падрыхтоўцы да Еўрапейскіх гульняў, якія — па гульні хакейнага «Дынама».

Але калі Ігар Шуневіч выйшаў ад прэзідэнта, ён сам нечакана паведаміў журналістам пра адстаўку.

Рэдкі выпадак, калі пра сыход міністра першым паведамляе сам міністр, а не прэзідэнт ці афіцыйныя каналы.

«Сёння я звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з рапартам аб адстаўцы, і ён гэтую адстаўку прыняў», — сказаў журналістам Шуневіч.

Ён назваў сваё рашэнне аб сыходзе з пасады «вывераным, правільным і своечасовым».

«Пройдзены вельмі доўгі і складаны шлях працы ў міністэрстве. Шмат што зроблена. У нейкі момант я пачаў разумець, што трэба забяспечваць пераемнасць, дынаміку, хуткасць і эфектыўнасць прыняцця рашэнняў.

І гэта досыць складана — быць актуальным», — сказаў ён, тлумачачы прычыны такога кроку.

— Па-першае, патрэбен свежы погляд на працу міністэрства. Па-другое, думаючы і пра сваю эфектыўнасць, лічу, што прыйшоў час змяніць род дзейнасці. Дастаткова доўга я знаходжуся на пасадзе міністра. Можа, вока замылілася. Можа, трэба паспрабаваць нешта іншае. Гэта адзіная матывацыя, я яе выклаў кіраўніку дзяржавы, ён з гэтым пагадзіўся».

Што гэта было? Складаецца ўражанне, што ў Лукашэнкі сёння не збіраліся паведамляць пра адстаўку Шуневіча, але нешта пайшло не так на самой сустрэчы. 

Тэлеграм-канал «Кульгавы д'ябал» паведамляў раней, што Шуневіч прасіўся ў адстаўку па стане здароўя, але кіраўнік дзяржавы яго не адпускаў.

Ігар Шуневіч меў рэпутацыю прыхільніка жорсткай лініі — прычым ва ўсіх справах. Грамадскасць рэзка негатыўна ўспрыняла два выпадкі, калі міністр з'явіўся на публіцы ў форме савецкага НКВД.

Праваабаронцы звярталі ўвагу на асабісты ўдзел Шуневіча ў допытах палітвязняў у 2010—2011 гадах.

Шуневіч таксама вылучаўся рэзкімі, часам дэманстратыўнымі выказваннямі на розныя дыскусійныя тэмы.

Ён уступіў у палеміку з брытанскім пасольствам па пытанні ЛГБТ. Ён адмовіўся прынесці прабачэнні цыганам за прэвентыўныя затрыманні ў Магілёве — гэта давялося зрабіць кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта.

Чытайце таксама: Шуневіч: У мяне няма ні нагоды, ні падставаў выбачацца перад цыганамі

Пры ім пад фактычную ахову быў узяты злашчасны помнік царскаму гарадавому, пастаўлены перад міністэрствам, што выклікала кпіны.

Чытайце таксама: Шуневіч пра падлетка, які выбачыўся перад скульптурай гарадавога: Гэта мая ідэя

Нарэшце, па падазрэнні ў атрыманні гіганцкага хабару быў арыштаваны намеснік кіраўніка Рады бяспекі Уцюрын, які па сваёй пасадзе быў звязаны менавіта з МУС.

Чытайце таксама: Mercedes GL, на якім ездзіць Шуневіч, стаяў пад знакам. Што яму пагражае за гэта? ФОТА

Звярнула ўвагу, што на паведамленні «Советской Белоруссіі» пра гэтую заяву Шуневіча чамусьці змяніўся час публікацыі: з 14.15 на 14.22, той самы, што і на БелТА.

У сваіх выказваннях па выхадзе ад Лукашэнкі Ігар Шуневіч не франдзіраваў.

Ён адзначыў, што пакуль канкрэтныя прапановы іншай пасады яму не паступілі, аднак ён спадзяецца прынесці карысць дзяржаве на іншай пасадзе: «Жыццё працягваецца. Жаданне і магчымасць працаваць ёсць. У сітуацыі, якая склалася, я не бачу абсалютна нічога экстраардынарнага. Усё развіваецца па спіралі. Сядзець склаўшы рукі я дакладна не буду. Спадзяюся быць карысным дзяржаве на любой пасадзе», — сказаў Шуневіч.

Толькі пасля заявы Шуневіча з'явілася тлумачэнне прэс-сакратаркі прэзідэнта Наталлі Эйсмант. Яна абмежавалася, фактычна, паўтарэннем тэзісаў Шуневіча: рапарт падаў ён сам, прычыны — у неабходнасці новага погляду на працу міністэрства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?