Ватыкан выпусціў дакумент, у якім жорстка раскрытыкаваў сучасную канцэпцыю гендарнай ідэнтычнасці, прынятую ў многіх краінах, паведамляе BBC. 31-старонкавы даклад называецца «Ён стварыў іх мужчынам і жанчынай».
У ім гаворыцца пра крызіс у адукацыі, а таксама адзначаецца, што сучасны падыход да гендарнай ідэнтычнасці знішчае канцэпцыю прыроды і дэстабілізуе інстытут сям'і.
Ён быў выпушчаны Кангрэгацыяй каталіцкай адукацыі ў якасці навучальнага дапаможніка для тых, хто працуе з дзецьмі.
Аўтары дапаможніка заклікаюць да дыялогу, але пры гэтым даюць інструкцыі па некаторых тэмах, у тым ліку ў адрас трансгендараў.
У дакладзе сцвярджаецца, што сучасныя гендарныя тэорыі адыходзяць ад прыроды і замест гэтага рухаюцца ў бок абсалютнага выбару на аснове пачуццяў чалавека.
Таксама ў дапаможніку сказана, што пераменная сэксуальная ідэнтычнасць часта заснавана толькі на «сумніўным разуменні волі на аснове пачуццяў і жаданняў».
Як адзначаюць аўтары, гендарная прыналежнасць павінна вызначацца не чалавекам, а Богам: «Святое пісанне паказвае мудрасць рашэнняў Стваральніка, які даў чалавеку яго цела, яго мужчынскую і жаночую сутнасць».
Адукацыйныя інстытуты павінны навучаць «сапраўднай прыродзе чалавека» на аснове выразнай і пераканаўчай антрапалогіі, гаворыцца ў дакуменце.
Пры гэтым у дапаможніку адзначаецца, што дзеці і маладыя людзі павінны паважаць усіх людзей, і ніхто не павінен пакутаваць ад насмешак і дыскрымінацыі.
Амерыканская арганізацыя ЛГБТ-каталікоў New Ways Ministry назвала дакумент шкодным інструментам, які будзе выкарыстоўвацца на шкоду не толькі трансгендарам, але таксама лесбіянкам, геям і бісэксуалам.
Кіраўнік арганізацыі Фрэнсіс Дэ Бернарда адхіліў сцвярджэнне пра тое, што людзі самі выбіраюць свой пол.
У сваёй заяве ён адзначыў, што дакумент заблытае тых, хто пакутуе ад праблем з гендарнай ідэнтычнасцю і сэксуальнай арыентацыяй.
Паводле яго слоў, Ватыкан у гэтым пытанні вяртаецца ў сярэднявечча.





