Нарэшце атрымаў кніжку «выклятай» паэткі Таццяны Зіненка (1960—2011) «Гарчэйшае пітво», піша ў сваім фэйсбуку Леанід Галубовіч. «Як на маё ўспрыманне, адна з найлепшых кніг нашай жаночай паэзіі», — мяркуе ён.
Фота ex-press.by
* * *
Мёртвыя мёртвых вядуць —
і не бачаць.
Сумныя песні пяюць —
і не плачуць.
Божа, твая любоў
нам не паможа.
Ты — не нашая кроў,
Божа…
Узыдзе жаданы час
над намі
і раз’яднае нас
з маскалямі.
І мы на сваёй зямлі,
на волі
будзем сабе паміраць
паволі,
каб нарадзіўся свет
новы
з нашай крыві
і мовы.
Мёртвыя мёртвых вядуць —
і не бачаць.
Сумныя песні пяюць —
і не плачуць…
ГАРЧЭЙШАЕ ПІТВО
Анатолю Сысу
Толькі табе пазайздрошчу,
толькі табе не зманю…
Нас пакараюць на плошчы,
нам пашкадуюць агню.
Мы, што ніколі з табою,
не абняліся ў жыцці,
будзем сцяблінай адною
разам да сонца расці,
Покуль зялёная крона
лісце на дол не страсе.
Нас пакараюць бяскроўна:
ветліва і пакрысе.
Мы не народжаны доўга
жыць і жыццё разумець.
нам абяруць, як нябогам,
самую лёгкую смерць.
І, парынаючы ў Лету,
мы не згадаем зямлю,
дзе паміраюць Паэты,
перш чым пачуюць: «Люблю…»
1998





