Пра гэта «Нашай Ніве» расказалі студэнты ўстановы.
«У нас у каледжы прыняты дзелавы стыль адзення, у які не ўваходзяць шорты. А ў аўдыторыях спёка, больш за 30 градусаў, кандыцыянераў і вентылятараў няма.
Па правілах аховы працы гэта непрыдатная для вучобы тэмпература, таму навучэнцы пачалі прыходзіць у шортах. А адміністрацыя паставілася да гэтага негатыўна.
На першых навучэнцаў, хто так прыйшоў, надзелі спадніцы, але потым спадніц на ўсіх не хапіла.
Праўда, цяпер афіцыйна дазволілі прыходзіць у шортах і скарацілі пары ў сувязі з надвор'ем», — расказвае навучэнец Кірыл.
«Насамрэч гэта пачалося яшчэ за пару дзён да гэтага. Адміністрацыя абурылася, што нашы дзяўчаты сталі хадзіць на заняткі ў надзвычай кароткіх сукенках. Вырашылі дапамагчы ім, выдалі «рэквізіт» — спадніцы з выступленняў каледжа. А ўчора вырашылі пайсці далей, і апрануць у спадніцы яшчэ і хлопцаў», — расказвае Мікалай.
«Нічога прыкольнага ў гэтым я не бачу. Мяне прымусілі апрануць гэтую гарачую ваўняную спадніцу! А ўчора я пісаў тлумачальную, чаму прыйшоў на заняткі ў рваных джынсах», — дадае Арцём.
«Не было выбару. На ўваходзе нам так і казалі: або спадніца, або пішам спазненне ці прагул», — кажа Ігнат.
«Сёння дрэс-код адмянілі, толькі ў пляжных шортах нельга. Цяпер мы ходзім на заняткі з веерамі», — кажа Мікіта.
Сёння ў інстаграме распачаўся флэшмоб у падтрымку студэнтаў. Людзі пачалі выкладваць свае здымкі ў шортах з хэштэгам #ямкп
Адміністрацыя каледжа не разумее, чаму вакол гэтай сітуацыі столькі шуму.
«Проста у нашых хлопцаў добрае пачуццё гумару», — пракаментавала фота ў спадніцах намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Казак.
Яна расказала, што адміністрацыя адрэагавала на ўмовы надвор'я і ўнесла змены, каб навучэнцам было камфортна. Крыху скарацілі заняткі (прыбралі перапынак) і ад учора дазволілі хадзіць у шортах.
«Але, разумееце, шорты шортам не роўня. Усім было даведзена, што гэта павінны быць не пляжныя шорты, не спартыўнага стылю», — кажа Таццяна Казак.
Што да навучэнцаў, якія ўчора не ўпісаліся ў дрэс-код, то адміністрацыя «дазволіла ім самім прымаць рашэнні»:
«Яны маглі звязацца з бацькамі, каб тыя падвезлі ім штаны, а тыя, хто жыве недалёка, — збегаць і пераапрануцца. У нас ёсць беларускія нацыянальныя касцюмы і, хто хацеў, мог узяць спадніцу. Былі белыя і бардовыя спадніцы, мы вырашылі выдаць цёмныя, каб больш адпавядала дзелавому стылю. Навучэнцам вельмі спадабаўся колер, яны пачалі жартаваць: «Вось, давайце пабудзем шатландцамі».





