Магутны выбух прагрымеў у цэнтры Кіева ноччу ў нядзелю, 16 чэрвеня. Ён адбыўся ў трох гаражах, якія знаходзіліся ў двары побач з жылымі дамамі. Пра гэта паведамляе ТСН.

Як распавялі мясцовыя жыхары, гаражы арандавалі ўладальнікі кававых машын, якія захоўвалі ў памяшканнях не толькі аўтамабілі, але і балоны з газам.

Паводле папярэдніх звестак, прычынай мог быць газ, уцечка якога адбылася праз пашкоджанне трубы.

Пасля выбуху мясцовыя жыхары выйшлі на вуліцу, некаторыя з сабой забралі хатніх жывёл. Адной пажылой жанчыне выйсці з дому дапамагалі супрацоўнікі МНС і паліцэйскія.

Выбух адбыўся на скрыжаванні вуліц Бульварнай-Кудраўскай і Тургенеўскай. «Вядома, што выбухам развярнула тоўстыя бетонныя пліты таўшчынёй больш за 20 см. А воблака пылу ўзнялося на вышыню амаль 100 м», — гаворыцца ў паведамленні на dtp.kiev.ua. У суседніх дамах выбіла ўсе вокны.

На месцы працуюць дзясяткі ратавальнікаў, якія разбіраюць завалы. Паводле папярэдніх звестак, ніхто з людзей не пацярпеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0