Міністры энергетыкі і экалогіі G20 на нарадзе ў японскім горадзе Каруідзава дамовіліся аб стварэнні міжнароднай структуры, накіраванай на скарачэнне аб'ёмаў пластыкавага смецця ў сусветным акіяне. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на сумесную заяву міністраў.
Фото Kyodo
Краіны «Вялікай дваццаткі» пагадзіліся аб'яднаць намаганні для скарачэння аб'ёмаў пластыкавага смецця, а таксама абменьвацца звесткамі аб дасягнутых выніках.
Паводле звестак ААН, у свеце штогод вырабляецца каля 300 млн тон пластыкавага смецця, прыблізна 8 млн тон з іх трапляе ў сусветны акіян.
Фота Kyodo
Сустрэча ў Каруідзаве з'яўляецца часткай падрыхтоўкі да саміту «дваццаткі», які пройдзе 28—29 чэрвеня ў горадзе Осака. Разглядаліся таксама пытанні энергетычнай бяспекі і стабільных паставак вуглевадародаў.
«Вялікая дваццатка» (G20) — клуб урадаў і кіраўнікоў цэнтральных банкаў дзяржаў з найбольш развітай эканомікай. Яго ўдзельнікі: Аўстралія, Аргенціна, Бразілія, Вялікабрытанія, Германія, Індыя, Інданезія, Італія, Канада, Кітай, Мексіка, Расія, Саудаўская Аравія, ЗША, Турцыя, Францыя, Рэспубліка Карэя, ПАР, Японія і Еўрапейскі саюз.





