Франка-ізраільскі мільярдэр Патрык Драі купляе аўкцыённы дом «Сотбіз» за 2,7 мільярда даляраў. 31 апошні год «Сотбіз» існаваў у форме адкрытага акцыянернага таварыства.

Драі — апантаны калекцыянер мастацтва. Акрамя таго, ён валодае вялікай тэлекамунікацыйнай імперыяй, у якую ўваходзяць кампаніі розных кантынентаў.

Драі заплаціць па $57 за кожную акцыю — гэта з 61-працэнтавай прэміяй за кошт акцыі па стане на мінулую пятніцу. Ён укладае $1,5 млрд уласных грошай, а рэшту аплаціць пазычанымі грашыма, паведамляе выданне «Уол-стрыт джорнал».

«Сотбіз» — гэта адзін з двух найбольшых аўкцыённых дамоў свету. Ён прадае творы мастацтва, аб'екты нерухомасці, ювелірныя вырабы, калекцыйнае віно ды іншыя рэчы.

Летась аб'ём продажаў Sotheby’s склаў $6,4 млрд, у канкурэнтаў з Christie’s ён быў $7 млрд.

Sotheby’s пачаў сваё існаванне ў 1744 годзе. Ён існаваў у форме акцыянернай кампаніі з 1977 да 1983 года. Пасля яго выкупіў бізнэсовец Альфрэд Таўбман, але ў 1988 годзе яна зноў стала акцыянернай кампаніяй. А Таўбмана ў 2001 годзе асудзілі за цэнавую змову з канкурэнтамі з Christie’s.

Аб'ёмы рынку мастацтва імкліва раслі цягам апошніх дзесяцігоддзяў. Кошт твораў дасягае часам астранамічных сум. Напрыклад, «Аголеную» Мадыльяні на Sotheby’s у 2018 годзе прадалі за $157 млн даляраў. Папярэдні ўласнік купіў яе ў 2003 годзе за 26,9 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?