Фота Сяргея Гудзіліна.

Фота Сяргея Гудзіліна.

Уявіце, што вам спатрэбілася нейкая рэч. Вы можаце яе купіць, а можаце пазычыць ці арандаваць. На першы погляд здаецца, што лепш купіць, чым увесь час пазычаць альбо арандаваць. Але што рабіць, калі рэччу, якая вам цяпер неабходная, вы будзеце карыстацца не так інтэнсіўна?

Ці ёсць сэнс купляць, напрыклад, уласны дрыль, калі вы не будаўнік і на працягу ўсяго жыцця пакарыстаецеся ім хвілін 13-15? Альбо навошта купляць дарагі аўтамабіль, калі вы карыстаецеся ім рэдка? Ці рацыянальна набываць для вашай кампаніі памяшканне пад офіс, калі калектыў працуе дыстанцыйна і збіраецца разам для абмеркаванняў толькі раз на месяц? Напэўна, не. У такіх выпадках на дапамогу прыходзіць sharing economy, што можна перакласці як «эканоміка сумеснага ўдзелу», альбо «эканоміка сумеснага спажывання».

Што такое эканоміка сумеснага ўдзелу?

Гэта канцэпцыя, якая падкрэслівае здольнасць і прывілею фізічных асоб арандаваць ці пазычаць тавары, а не купляць іх. На прыкладзе з дрылём гэта азначае, што замест таго, каб купляць у кватэру ўласны дрыль, звычайнаму чалавеку больш рацыянальна пазычыць ці арандаваць яго. Бо калі абсталяванне дзесяцігоддзямі ляжыць і не выкарыстоўваецца, яно ніколі не акупіцца.

Фота Zivica Kerkez, Shutterstock.

Фота Zivica Kerkez, Shutterstock.

Сумеснае карыстанне больш эфектыўнае і рацыянальнае, бо яно не дае такім рэчам, як дрыль, прастойваць. Да таго ж, яно дазваляе чалавеку, якому неабходна зрабіць дзірку ў сцяне, зэканоміць шмат грошай. А ўладальнік дрыля можа здаваць яго ў арэнду і зарабляць на гэтым. За кошт гэтага і спажывец, і ўладальнік ашчаджаюць грошы. У выніку — кожны можа дазволіць сабе больш, зрабіць сваё жыццё больш разнастайным. Парадаксальна, але адмовіўшыся ад валодання цэлай кучай малапатрэбных рэчаў, мы становімся багацейшымі, і якасць нашага жыцця падвышаецца!

Аналагічна ў прыкладах з аўтамабілем і памяшканнем. Прасцей, эканамічней і рацыянальней замаўляць таксі для сваіх нешматлікіх паездак, чым купляць уласную машыну, якая будзе амаль увесь час стаяць у гаражы, гніць і губляць сваю вартасць. А замест куплі ўласнага памяшкання часам прасцей пайсці ў каворкінг, які здае памяшканні на кароткі час.

Фота Zapp2Photo, Shutterstock.

Фота Zapp2Photo, Shutterstock.

Добра, але чаму я раней пра гэта не чуў? Гэтая канцэпцыя з’явілася нядаўна?

Сам тэрмін sharing economy з’явіўся адносна нядаўна, у апошняе дзесяцігоддзе. І сапраўды, актыўна эканоміка сумеснага ўдзелу/сумеснага спажывання пачала развівацца таксама нядаўна, але ў тым ці іншым выглядзе яна існавала і раней. Класічны прыклад sharing economy — самыя звычайныя бібліятэкі з кнігамі. І логіка тут дакладна такая ж, як і ў прыкладзе з дрылём, машынай ці памяшканнем: навошта купляць кнігі, якія будуць усё жыццё стаяць і займаць у кватэры месца, калі можна стварыць месца для сумеснага спажывання гэтых кніг (бібліятэку), дзейнасць якой будзе аплачвацца з падаткаў грамадзян альбо абаненцкай платы чытачоў.

Але ў 1990-я гады з’явілася тое, што зрабіла эканоміку сумеснага ўдзелу магчымай у самых розных сферах — інтэрнэт. Менавіта ён дазволіў стварыць тэхналагічныя платформы, дзякуючы якім уладальнікі і спажыўцы могуць непасрэдна камунікаваць адзін з адным з максімальнай хуткасцю і эфектыўнасцю. Дзякуючы доступу да інтэрнэту, абменныя аперацыі яшчэ ніколі раней не былі такімі простымі, як зараз.

Sharing economy — гэта абмен толькі фізічнымі рэчамі?

Не, гэта абмен любымі актывамі, яны могуць быць і нематэрыяльнымі таксама:

  • платформы для арэнды ўласнай нерухомасці (AirBNB, Couchsurfing),
  • платформы для арэнды аўтамабіляў (BlaBlaCar, Uber, Lyft),
  • платформы для крэдытавання, краўдфандынгу (Kickstarter, Indiegogo),
  • гарадскія аўтаматызаваныя сістэмы для арэнды веласіпедаў (NextBike),
  • каворкінгі,
  • пляцоўкі для продажу ўжытых рэчаў (eBay, Craigslist),
  • інтэрнэт-рэсурсы для фрылансераў (TaskRabbit, Care.com and Upwork),
  • платформы для абмену ведамі, талентамі і прафесійнымі навыкамі.

Акурат нядаўна ў Беларусі запрацавала такая платформа — Mentor.by. Сайт пазіцыянуецца як пляцоўка, дзе кожны можа як сам прапанаваць падзяліцца ўласнымі ведамі ці ўменнямі, так і адшукаць ментара, які падзеліцца сваімі. Гэта такі вялікі адкрыты каталог узаемавыгадных прапаноў, рынак ведаў, які стаў яшчэ адной формай sharing economy.

Не дзіва, што найбольш актыўна напаўняюцца абвесткамі раздзелы мовы, ІТ, бізнэсу і фінансаў, школьных прадметаў. Але ёсць і даволі штучны тавар, як беларускае красамоўства, этыкет, гульня маджонг ці хакей з мячом. Некаторыя просяць за перадачу ведаў грошы, іншыя гатовыя дзяліцца проста так, бясплатна. Платформу стварылі беларусы для беларусаў — акурат у той час, калі паўсюдна пачаўся трэнд на самаадукацыю. Зайдзіце і паглядзіце, як гэта працуе.

Хіба гэта не нагадвае Савецкі Саюз, дзе ўсё было нібыта агульным?

Вядома, калі чалавек з постсавецкай прасторы чытае пра sharing economy, першая асацыяцыя, якая з гэтай канцэпцыяй можа ўзнікнуць, — СССР. У эпоху сацыялізму людзі жылі ў камунальных кватэрах, працавалі ў калектыўных гаспадарках, а таксама дзяліліся рэчамі. Нягледзячы на знешняе падабенства, эканоміка сумеснага ўдзелу не мае ніякага дачынення да сацыялізму ці СССР.

У СССР людзі жылі ў эпоху татальнага дэфіцыту самых базавых тавараў і паслуг, і таму яны былі проста вымушаны дзяліцца адзін з адным. Цяпер жа сітуацыя ў свеце прынцыпова іншая. Тавараў больш чым дастаткова, і ты можаш без праблем валодаць самымі рознымі рэчамі. Sharing economy узнікла не для таго, каб абмежаваць свабоду чалавека і яго маёмасныя правы, і не як выклік на дэфіцыт (бо ніякага дэфіцыту няма), а для таго, каб у цяперашняй капіталістычнай эканоміцы выкарыстоўваць наяўныя рэсурсы больш эфектыўна і рацыянальна, каб чалавек стаў яшчэ больш свабодным у выбары тавараў і паслуг.

Фота Miriam Doerr Martin Frommherz, Shutterstock.

Фота Miriam Doerr Martin Frommherz, Shutterstock.

І якія ж плюсы ў эканомікі сумеснага ўдзелу?

1. Танныя тавары і паслугі

Эканоміка абмену грунтуецца на ідэі, што абмен пэўнымі таварамі, паслугамі і навыкамі з'яўляецца больш эфектыўным, чым валоданне. Гэта можа знізіць выдаткі на рэчы, паслугі і час. Напрыклад, калі вам трэба ўсяго раз на год скарыстаць бензапілу, то нашмат танней заплаціць 20 даляраў за арэнду, чым патраціць 1000 даляраў і больш на набыццё ўласнай. Выкарыстоўваючы што-небудзь ці каго-небудзь толькі ў выпадку неабходнасці, вам не прыйдзецца мець справу з выдаткамі на права ўласнасці і занятасці, такімі як страхаванне аўтамабіляў і здароўя, тэхнічнае абслугоўванне і падбор персаналу.

2. Дадатковы даход

Можна больш рацыянальна і эфектыўна выкарыстаць каштоўнасць сваёй уласнасці, напрыклад, транспартнага сродку, які ў адваротным выпадку будзе прастойваць у гаражы. Альбо таленту, які не будзе прымяняцца на карысць грамадства. Такім чынам вы можаце замяніць ці павялічыць даходы, якія маеце ад традыцыйнай працы.

3. Новыя і лепшыя магчымасці

Эканоміка сумеснага выкарыстання дазваляе атрымаць доступ да рэчаў, якімі валодаць проста непрактычна. Напрыклад, многія людзі проста не могуць дазволіць сабе аўтамабіль.

4. Выбудоўванне супольнасці

Многія платформы эканомікі сумеснага ўдзелу маюць убудаваныя рэйтынгі і агляды, якія дапамагаюць падтрымліваць сумленнасць уладальнікаў і спажыўцоў, а таксама выбудоўваць супольнасці па інтарэсах. Гэта дапамагае ўмацаваць сувязі ў грамадстве, а таксама давер адзін да аднаго. Нават калі вы проста абменьваецеся ведамі на адукацыйнай платформе, вы там можаце сустрэць сваіх патэнцыйных аднадумцаў, калег ці кадры для вашага бізнэсу.

5. Большая гнуткасць

У параўнанні з традыцыйнай эканомікай, эканоміка сумеснага ўдзелу больш гнуткая. Гэта значыць, напрыклад, што кіроўца Uber можа сам выбіраць часы сваёй працы, уладальнік кватэры можа сам выбіраць, калі здаваць яе праз AirBNB, каворкінг дазваляе не залежыць вашаму калектыву ад адной канкрэтнай лакацыі, а фрылансерам — самастойна планаваць свой працоўны графік. У выніку гэтага ў грамадстве развіваюцца навыкі самаарганізацыі.

6. Якасныя змяненні ў традыцыйных сферах эканомікі

Малаверагодна, што sharing economy у хуткім часе будзе цалкам выцясняць традыцыйную эканоміку. Але эканоміка сумеснага ўдзелу будзе прымушаць існуючыя традыцыйныя галіны станавіцца падобнымі на платформы для сумеснай працы, якія могуць мець выгаду для ўсіх удзельнікаў.

Напрыклад, у адказ на канкурэнцыю такіх кампаній, як Uber і Lyft, таксапаркі пачалі распрацоўваць мабільныя праграмы, якія дазваляюць пасажырам бачыць найбліжэйшых кіроўцаў, ацэньваць іх і праглядаць іх рэйтынг, не тэлефануючы дыспетчарам. Класічныя прадпрыемствы вымушаныя адаптавацца да дынамічных канкурэнтаў — і гэта прыносіць толькі карысць спажыўцам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0