Праект зменаў у Закон «Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі»:
- удакладняе парадак выяўлення дыягназу псіхічнага расстройства;
- вызначае правілы транспарціроўкі пацыента, якому аказваюць экстранную псіхіятрычную дапамогу;
- пашырае пералік выпадкаў, у якіх спыняецца дыспансерны нагляд за пацыентам;
- удакладняе парадак аказання псіхіятрычнай дапамогі пацыенту, выпісанаму з псіхіятрычнага стацыянара.
- дазваляе лекарам агульнай практыкі аказваць дапамогу пацыентам з некаторымі формамі псіхічных расстройстваў;
- дае права на псіхіятрычную дапамогу калоніям і дамам-інтэрнатам;
- абавязвае праходзіць медпрафагляды людзей, якія ўжываюць наркотыкі і шмат п'юць.
Дэпутат Алена Анісім нагадала міністру аховы здароўя Уладзіміру Караніку, які прадстаўляў у парламенце закон, што часам псіхіятрычную дапамогу выкарыстоўвалі для барацьбы з актыўнымі грамадзянамі, і спытала, што гарантуе абарону ад падобнага злоўжывання сёння.
— Распрацоўшчыкі закона разумеюць, наколькі гэта далікатная тэма, — пагадзіўся міністр. — У нас ва ўсіх ёсць гістарычная памяць.
Паводле яго слоў, з моманту прыняцця закона аб псіхіятрычнай дапамозе не было зафіксавана ніводнага выпадку выкарыстання дакумента «для тых дзеянняў, пра якія вы кажаце».
— Тыя змены, якія прымаюцца сёння, ні ў якім разе не парушаць абароненасць нашых грамадзян.





