Міжнародная следчая група заяўляе, што падазраваныя ў крушэнні самалёта Malaysia Airlines на Данбасе каардынавалі дзеянні з «кіраўніком» анексаванага Расіяй Крыма Сяргеем Аксёнавым і памочнікам прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна Уладзіславам Сурковым.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Нідэрландах сказалі прадстаўнікі следчай групы.
Яны апублікавалі перахопленыя тэлефонныя перамовы падазраванага экс-«міністра абароны» самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Ігара Гіркіна (Стралкова) з памочнікам Аксёнава.
У чэрвені 2014 года кіраўнікі «ДНР» праз Аксёнава запыталі ў расійскіх уладаў узмацненне ваеннай дапамогі, яны прасілі аб пастаўках артылерыі і сістэм супрацьпаветранай абароны.
У Аксёнава адказалі, што гэтае пытанне вырашаецца на найвышэйшым узроўні расійскіх уладаў.
У ліпені 2014 года «прэм'ер-міністр» «ДНР» Аляксандр Барадай кантактаваў з Уладзіславам Сурковым і таксама прасіў у яго дапамогі.





