У сярэдзіне чэрвеня Леанід Гапановіч у вёсцы Бязверхавічы Слуцкага раёна адкрыў бібліятэку для мясцовых жыхароў. Яна знаходзіцца ў газетным кіёску і называецца «У Сафіі» — у гонар адной з унучак. Там больш за 2000 кніг з архіва Леаніда і іншых случчакоў: класічная літаратура, дзіцячая, фантастыка, прыгоды, гістарычныя раманы, кнігі па ваеннай тэматыцы. Ёсць таксама газеты і часопісы, піша Інфа-Кур'ер.

Як распавёў «Кур'еру» Леанід Гапановіч, ідэя стварэння такой бібліятэкі з'явілася паўгода таму пасля таго, як ён падвозіў у горад мясцовую жыхарку, якая ехала ў гарадскую бібліятэку памяняць кнігі. У вёсцы бібліятэкі ўжо няма некалькі гадоў: перастала працаваць пасля расфарміравання клуба, кажа Леанід.

Ідэю мясцовага жыхара падтрымала і Валянціна Ражанец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Народная бібліятэка ў Бязверхавічах адрозніваецца ад звычайнай: напрыклад, там няма бібліятэкара і абанементаў. Працуе толькі па выходных з 10 да 18 гадзін. Калі Леанід Гапановіч у адпачынку, то і ў буднія дні. Людзі могуць прыйсці і ўзяць любую колькасць кніг, а потым вярнуць. Зараз стваральнік бібліятэкі займаецца вопісам усіх кніг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0