Кіруемся на Кастрычніцкую плошчу, якая на час Еўрапейскіх гульняў стала падобнай да стаянкі качавой арды. Надгляд на ўваходзе даволі строгі: зазіраюць нават у тыя кішэні сумкі, дзе фізічна можа змясціцца толькі пашпарт. Але на самой плошчы, акружанай трайной агароджай, пакуль што пуста — гандаль не паспеў разгарнуцца. Толькі валанцёры рэпетуюць цырымонію ўзнагароджвання.

У шапіку ля ратушы гандлююць хот-догамі па 3,20 рубля і сангрыяй па 3,50 за кубачак. Бліноў, заяўленых у меню, няма — у такую спёку, кажуць, цеста кісне.

— Шмат турыстаў падыходзіць, — заўважае дзяўчына на касе. — Бачыла англічан і расіян. У асноўным бяруць сангрыю і марозіва. Пра вегетарыянскія хот-догі таксама пытаюцца. Мы тады ў лаваш проста кладзем капусту і дадаем соус.

На тэрасах суседніх кафэ нешматлюдна. У рэстаране «Ля ратушы» турыстам прапануюць дранікі са смятанай і мачанку з блінамі за 12 рублёў, у пабе «Вышыня 281» — бургер з гарнірам з бульбы за 18 рублёў і філе фермерскай ялавічыны за 24 рублі.

— Мы меню тыдні два таму абнавілі. Але гэта не звязана з Еўрапейскімі гульнямі, — расказваюць у пабе. — А замежнікаў у нас і так заўсёды шмат — немцы, чэхі, палякі. У апошнія дні іх больш не стала.

Пакуль ідзем уніз да Свіслачы, заўважаем камунальнікаў, якія фарбуюць драўляныя шапікі рамеснікаў.

У фан-зоне ля Палаца спорту гучна грае музыка. На фуд-корце прадстаўлены розныя нацыянальныя кухні. Вось у італьянскай палатцы прадаюць тосты за 4 рублі, капрэзэ (сыр мацарэла, памідор і базілік) за 8 і кавалачак porchetto (смажаніны са свініны) за 15. Цэны еўрапейскія, порцыі — беларускія.

Побач — грузінская кухня. Шашлыкі, хачапуры, а таксама люля-кебаб, кесадзілля… Сярэдні цэннік — 4 рублі.

У палатцы з турэцкім сцягам прапануюць слодычы: лукум (па 9 рублёў за кіло) і пахлаву (па 25 рублёў). Тут жа гатуюць паўкілаграмовую шаурму за 7 рублёў.

Больш за ўсё людзей пакуль што збірае азербайджанская кропка — з дыванамі на сценах і міні-экспазіцыяй старажытнага посуду.

Тут бясплатная дэгустацыя. Можна пакаштаваць гагал (салёную булачку са спецыямі), шэкербуру (печыва з начыннем з цукру і драблёнага арэха) і выпіць гранатавага соку.

Чым яшчэ прапануюць падмацавацца ў цэнтры горада галоднаму турысту? Напрыклад, бульбай фры за 5 рублёў за кулёк ці сасіскай у кляры на палачцы за 3 рублі. Заадно можна падзівіцца на робата-трансформера ад трактарнага завода і прыгледзець парачку пернікаў з глазурай-вышыванкай для сваякоў.

У астатніх палатках асартымент такі ж, як на Дзень горада. Цэны таксама — танней бывае толькі у школьных буфетах у дзень выбараў. Смажанка і сасіска ў цесце за 1,50 рубля, піражок з павідлам за рубель, чабурэкі па 2 рублі… І вынаходніцтва беларускага грамадскага харчавання — гамбургер з варанай кілбасой замест катлеты.

— Шашлык у асноўным купляюць, дранікі не ідуць, — дзеліцца адна з прадавачак. — Замежнікі? Іх мала, часцей нашы людзі падыходзяць.

— Бельгійцы ўчора сядзелі, — расказваюць у іншай палатцы. — Піва ўзялі і беляшы. Здзіўляліся, што ўсё вельмі танна. Пілі, усміхаліся і паўтаралі: «Окей, Беларусь». Напэўна, спадабалася ім тут.

— Замежнікаў мы адразу заўважаем — яны адрозніваюцца ад нашых людзей. Праходзяць, глядзяць, але нічога не бяруць. Можа, яны не прывыклі ў такіх месцах есці і ў дарагіх кафэ сядзяць? — разважае жанчына на касе.

Ангельскай мовы яна не ведае. Адмахваецца: калі што, у яе на прылаўку ляжыць раздрукоўка з асноўнымі фразамі. Але пакуль што не спатрэбілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0