Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з расійскім прэм'ерам Дзмітрыем Мядзведзевым распавёў пра графік кантактаў з Уладзімірам Пуціным, паведамляе БелТА.
«Я вітаю вас у Беларусі і ўдзячны за тое, што вы прыехалі да нас на адкрыццё важнай падзеі. І не толькі. Але і, як дамаўляліся мы з прэзідэнтам Расіі, што вы паглядзіце на тую працу нашай сумеснай групы, якая працуе над праблемнымі пытаннямі нашых узаемаадносін, і дасце сваё рэзюме перад тым, як мы сустрэнемся з Уладзімірам Уладзіміравічам», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што прэзідэнт Расіі планаваў прыехаць на закрыццё II Еўрапейскіх гульняў.
«І мы сустрэнемся і пагаворым на гэтую тэму і розныя іншыя. І ўжо калі будзе Форум рэгіёнаў на радзіме ў вас (у сярэдзіне ліпеня ў Санкт-Пецярбургу. — Заўв. БелТА), мы з ім паедзем на Валаам маліцца. І там дадаткова абмяркуем. Вось такі прыкладна быў план. Гэта намётка толькі», — распавёў Аляксандр Лукашэнка.
Валаам — востраў на Ладажскім возеры з вядомым на ўсю Расію мужчынскім манастыром.





