Ініцыятыва gavarun.by плануе перакласці і агучыць па-беларуску 48 серый вядомага брытанскага мультсерыяла Хамф (усяго выпушчана 78 серый). Цяпер ідзе збор сродкаў на працу прафесійнай каманды на краўдфандынгавай пляцоўцы «Вулей».
Хамф — гэта мілае пухнатае малое, што жыве разам са сваімі мамай і татам. Ён вельмі дапытлівы, пастаянна імкнецца даведацца нешта новае і даследаваць свет вакол сябе.
Лепш за ўсё пра гэты мультсерыял раскажа пілотная серыя, вядома ж, па-беларуску!
Асаблівасці праекта:
- Бясплатны легальны прагляд!
Лакалізаваныя па-беларуску серыі будуць выкладвацца на ютуб-канале студыі Gavarun.by. Праваўладальнік, Kidz Clips, дазваляе выкарыстоўваць на ютубе гэтыя відэа, такім чынам, паглядзець мультфільм можна будзе легальна і без тэрытарыяльных абмежаванняў.
- Добры, яскравы і пазнавальны мультсерыял 3+
Мультфільм зацікавіць дзетак узростам ужо ад трох гадоў, ён настолькі зачароўвае, што нават дарослыя пры праглядзе пачынаюць падсвядома ўсміхацца.
- Тры новыя серыі штотыдзень!
Сапраўды, мы плануем выкладваць кожны тыдзень па тры новыя серыі, напрыклад у панядзелак, сераду і пятніцу!
- Якасная шматгалоска ад Gavarun.by!
Беларускамоўная версія ствараецца па правілах закадравага шматгалосага агучвання. Разам са штатнымі дыктарамі Адамам Трыпутнікам і Ташай Мурзэнштольц у праекце ўдзельнічае выдатная беларуская актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Хрысціна Дробыш!
Увага, інтрыга! Яшчэ чакаем удзелу выдатнай зоркі беларускага тэатра і кіно!
- Унікальны кантэнт!
Вам і дзеткам не прыйдзецца пераглядаць мультфільм толькі таму, што нарэшце выйшла беларуская версія: кожная серыя будзе новая і невядомая, бо па-руску серыял не агучваўся!
- Чатыры месяцы мультфільмаў па-беларуску!
Агулам 48 серый займаюць па часе каля 336 хвілін — як чатыры поўнаметражныя стужкі, і рэліз усіх серый зойме чатыры месяцы.
- Хуткі пачатак рэлізаў! Новыя серыі пачынаем выкладваць праз тыдзень пасля паспяховага збору фінансавання!
На што ідуць грошы:
- Стварэнне, пераклад і рэдактура субцітраў;
- Укладка тэкста і студыйны запіс дыктараў;
- Апрацоўка і звядзенне беларускай гукавой дарожкі;
- Падрыхтоўка, мантаж і рэліз беларускай версіі мультсерыяла;
- Камісія Вуллю;
- Выдаткі на сувеніры для спонсараў





