УП «Мінгарсвятло» пачало рэалізацыю праекта рэканструкцыі гарадскога асвятлення цэнтральнай часткі сталіцы. Першы этап, як паведамілі на прадпрыемстве карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны», прадугледжвае замену апор і свяцільняў на ўчастку ад вул. Казлова да пл. Незалежнасці.

Многія мінчукі, асабліва якія жывуць у раёне пл. Перамогі, даўно звярнулі ўвагу на ажурныя канструкцыі, якія з'явіліся яшчэ летась замест ранейшых ліхтароў. Яны нагадваюць кветкі на доўгіх сцяблінах. Чатыры новыя прыборы былі ўсталяваныя ў парадку эксперыменту наўзамен ранейшых, якія верай і праўдай адслужылі больш за 60 гадоў. Іх, дарэчы, усталёўвалі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя.

— Наступным крокам рэканструкцыі, — адзначыў дырэктар УП Славамір Грыневіч, — стане суцэльная замена сістэмы асвятлення пр. Незалежнасці ад аднайменнай плошчы да вул. Казлова. Натрыевае святло сыдзе канчаткова, застанецца святлодыёднае. Старыя ж апоры будуць замененыя на ацынкаваныя, стылізаваныя гэтак жа, як і ліхтары. У стылі рэтра — пад тыя, якія радавалі вока мінчан яшчэ ў 1950-х гадах.

Пакуль работы вядуцца па адным баку праспекта. Ліхтары будуць дзіміравацца ў начны час (змяняць інтэнсіўнасць святла) у мэтах эканоміі электраэнергіі. Завяршыць гэты этап работ запланавана да канца верасня — пачатку кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0