Печы — гіганцкая ваенная акадэмія амаль на 5 тысяч чалавек для малодшых спецыялістаў пад Барысавам. З прызыўнікоў тут робяць салдат па 81 баявой спецыяльнасці. Ад танкіста да кухара.

Два гады таму вучэбка набыла сумную вядомасць як скалечанае дзедаўшчынай месца: дзве смерці — Арцёма Басцюка (ён загінуў побач з Барысавам, у 7-м інжынерным палку) і Аляксандра Коржыча, якія здарыліся амаль у адзін час і пры падобных абставінах, — агаломшылі грамадства нейкімі дзікімі норавамі тутэйшай службы — з вытрасаннем салдацкіх грошай і фатальнымі здзекамі пры поўнай абыякавасці афіцэраў.

Чытайце: «Выходзь, падла». Ускрываюцца страшныя падрабязнасці смерці салдата і сітуацыі ў Печах увогуле. Віна — на «шакалах»

«Духі, вешайцеся!»: ФОТЫ дзядухі ў вайсковай часці ў Барысаве

Дзяржава тады адрэагавала жорстка, паказальна звольніўшы кіраўнікоў вучэбкі з фармулёўкамі «за непрыняцце вычарпальных захадаў», а тых, хто куражыўся з Коржыча, на вачах усёй краіны судзілі.

Але закрытасць абароннага ведамства усё ж пакідала без адказу пытанне: дык а што змянілася?

«Наша Ніва» здолела патрапіць у гэтую часць, каб самастойна адказаць на пытанне і агулам паказаць, чым цяпер жывуць вайскоўцы Печаў. Мы прайшліся па казармах, пагаварылі з камандаваннем і салдатамі, пакаштавалі абед і нават знайшлі беларускамоўнага афіцэра. Чытайце!

«Ну як падрыхтуеш да паказухі пяць тысяч чалавек?»

Для візіту Міністэрства абароны адвяло нам мінулую пятніцу — перадвыхадны дзень, — што чыталася па вялікай колькасці салдат, якія паціху шлі з боку Печаў да прыпынкаў барысаўскага транспарту. Гэта пачалі адпускаць у звальненні «трохсуткавых», якім дабірацца да дому больш за 8 гадзін (час на дарогу тут падлічваюць хуткасцю электрычак, а не цягнікоў). Вакол вучэбнага цэнтра — шматпавярховая забудова, жывуць тут пераважна работнікі Печаў або дзеці былых работнікаў.

Карэспандэнтаў «Нашай Нівы» сустракалі начальнік штаба 72-га АВЦ Андрэй Жук і намеснік начальніка вучэбнага цэнтра па ідэалогіі Аляксей Ціцкі. Абодва запэўнівалі, што да візіту не рыхтаваліся, а проста прынялі як непазбежнае, калі ім давялі згоду цэнтральнага ідэалагічнага ўпраўлення.

Напэўна, іх калектыўны аргумент «ну як ты прычэшаш і падрыхтуеш да паказухі пяць тысяч чалавек?» можна залічыць як рэалістычны.

Андрэй Жук злева.

Андрэй Жук злева.

Зрэшты, гэтыя людзі тут — новыя. Яны прыйшлі служыць на пасады ганебна звольненых папярэднікаў з розных месцаў, таму, імаверна, вычысціць дзедаўшчыну і не паўтараць памылак для іх — справа першасная і галоўная.

Гэтае слова — «дзедаўшчына» — нават пры апісанні мінулага часу начальства тут не ўжывае, ківаючы на асобныя перагібы асобнымі людзьмі ў асобных казармах, а таксама на тое, што нейкіх спецыяльных задач па навядзенні парадку ім не ставілася: «Новага нічога прыдумляць не трэба — трэба толькі выконваць нормы статута».

Цікава, што казарма, у якой жыў Коржыч, знаходзіцца амаль насупраць штаба — толькі перайсці дарогу і ўзяць 30 метраў налева, як апынешся перад дзвярыма распалажэння трэцяй гвардзейскай школы, дзе жывуць курсанты-танкісты. Іх у гэтай казарме каля 400.

Кругласуткавае рэаліці-шоу

Што тут змянілася з 2017-га? З таго, што на паверхні — паўсюль панатыркалі камер.

Пару метраў лесвіцы ад парадных дзвярэй да дзвярэй роты праходзіш пад камерай, далей іх яшчэ больш. Месца, дзе спяць і жывуць салдаты, здымаюць перакрыжавана з трох бакоў. На чатырох паверхах цяпер агулам 64 камеры — па 16 на кожны. З’явілася тэхніка паўтара года таму.

У час агляду казармы хвілін на дзесяць знікла святло. Гэта троху збянтэжыла афіцэраў, але ў выніку сітуацыя нават выйшла плюсам. Выявілася, што пры адключэнні святла сістэма відэаназірання працягвае працаваць, сілкуючыся ад генератараў.

«Карцінка з камер выводзіцца на маніторы ў афіцэрскім пакоі, доступ мае любая адказная асоба. Мы запісваем усё, мёртвых зон няма. Запісваецца і ўдзень і ўначы, начная здымка добрай якасці, а чуваць нават шэпт. Усе салдаты папярэджаныя і ведаюць пра тое, што іх здымаюць, а запіс захоўваецца 40 дзён. Якія плюсы? Аператыўны кантроль. Мы адсочваем і разбіраем нейкія міжасабовыя ці рэжымныя рэчы: нясенне нарадаў, напрыклад, ці моўную перапалку, лаянку. Адназначна, што камеры паўплывалі на дысцыплінаванасць, а начныя пазастатутныя рытуалы і прыніжэнні выключаныя», — так нам апісалі перавагі гэтага «патрабавання часу». Ноччу ў распалажэнні застаецца афіцэр.

Кіруе трэцяй гвардзейскай школай цяпер палкоўнік Аляксей Калыванаў, ягоны намеснік па ідэалагічнай рабоце — Міхаіл Кумякоў.

«Той, хто недзе вучыўся і жыў у інтэрнаце, той адаптуецца хутка. Хто жыў з бацькамі — тым цяжэй. У кожнай часці на 400 чалавек два псіхолагі і адзін ідэолаг, які таксама дапамагае з псіхалагічнымі момантамі. Напрыклад: ну, што ў цябе не атрымліваецца? Ложак заслаць. Ладна, давай разам з табой яго пазасцілаем, пакуль ты не навучышся, або з камандзірам аддзялення. Выхоўваць на асабістым прыкладзе — цяпер так робім», — кажа Кумякоў.

Камандзіры здаюць псіхалагічныя тэсты

Дарэчы, былыя вайскоўцы, калі ў прыватных размовах разважалі пра дзедаўшчыну ў Печах, бачылі вытокі зла ў кадравай палітыцы на фоне зніжэння прэстыжу службы: у ідэале на кожны ўзвод меўся б быць камандуючы-афіцэр, але з цягам часу афіцэрскія пасады сталі замяшчацца прапаршчыкамі з апрыёры ніжэйшым узроўнем адукацыі. Потым сярод іх пачалі з’яўляцца Вірбалы, потым — усе ведаюць [пасля гібелі Коржыча прапаршчык Артур Вірбал прысуджаны да чатырох гадоў зняволення — Рэд.].

Але як з гэтым цяпер?

«Укамплектаванасць кадрамі агулам па Печах — 95%, — кажа Міхаіл Кумякоў. — Ёсць камандзіры ўзводаў — прапаршчыкі. У адной роце трэцяй школы ўсе прапаршчыкі. Але пераважная большасць — гэта афіцэры. Звярну ўвагу, што з афіцэраў прынамсі трое — былыя прапаршчыкі, якія вырашылі атрымаць вышэйшую ваенную адукацыю».

Жук на гэтым моманце дадаў, што прапаршчыкі ўжо не тыя: маўляў, Вірбалаў сярод іх няма, бо за час з 2017-га ўкаранілі новую работу з кадрамі — пасля пераатэстацый камусьці давялося сысці са службы (гэтую долю ацэньваюць у некалькі працэнтаў), а камусьці па сваіх якасцях змяніць пасады і працаваць з тэхнікай, а не людзьмі.

Сама новая методыка адбору камандзіраў і назірання за імі лічыцца таемнай, гэта ўжо потым печанскія псіхолагі троху навялі гэтага туману.

Яны кажуць, што адбор сяржантаў і прапаршчыкаў пастрожыўся і ўключае ў сябе не толькі анамнез жыцця, але і складаную сістэму анкетавання і тэстаў: як чалавек будзе паводзіць сябе на пасадзе камандзіра, ці валодае лідарскімі якасцямі, ці не плешчацца гэтае лідарства ў яго цераз край? Як яго ўспрымаюць у калектыве?

Разыгрываюцца нават эксперыментальныя сітуацыі, у якіх салдат, напрыклад, наўмысна адмаўляецца выконваць загад. Як сяржант будзе дзейнічаць у такой сітуацыі? Накрычыць? Патлумачыць? З ягонай рэакцыі псіхолагамі будуць зроблены высновы.

Што датычыць прапаршчыкаў, то тут усё тое ж самае, але з нюансамі і асобнымі псіхадыягнастычнымі хітрыкамі.

Напрыклад, перад Новым годам псіхолагі ходзяць у госці да прапаршчыкаў у вобразах Снягуркі і Зюзі і разам з тым назіраюць, у якіх умовах жывуць сем’і, ці дагледжаныя яны, ці ёсць кніжкі ў дзяцей на паліцах, што ў сем’ях з алкаголем.

«Салдат — такі ж беларус, чыйсьці сын і брат»

А як змянілася стаўленне да салдата з боку начальства?

«Не трэба расказваць, што ўсё для фронту, усё для перамогі, і таму мы можам грэбаваць чалавекам, — выказвае свой погляд Андрэй Жук. —

Ён такі ж беларус, чыйсьці сын і брат, можа, нават ужо бацька. Ён — чалавек. Жывым і здаровым пайшоў — жывым і здаровым павінен вярнуцца, толькі ўжо авалодаўшы ваеннай спецыяльнасцю.

Было такое, што пасля той гісторыі многія ехалі сюды з аглядкай. Асабліва шмат пытанняў задавалі бацькі: «А што, а як? А з Коржычам такія рэчы…» І цяпер мы адкрытыя, бацькі могуць прыехаць і паглядзець тут усё ўвогуле, кожны кут, дзе іх дзіця будзе служыць, што будзе есці, чым будзе забяспечана. У іх ёсць усе мабільнікі ад камандзіра ўзвода да камандзіра часці. На сцяне распалажэння вось, калі ласка — усе нумары таксама: пракуратура, Следчы камітэт, псіхолагі, тэлефон даверу Мінабароны. Я вам адказна кажу, што паступаюць хадайніцтвы ад бацькоў: маўляў, а як зрабіць так, каб усю службу ў Печах служылі? Ахвотных застацца шмат, застацца на кантракт таксама, мы выбіраем!»

Псіхолагі таксама тлумачаць, што зробленыя дробныя паслабленні, якія паляпшаюць маральны стан, ажно да колеру казармаў, які б супакойваў, і магчымасці ў перапынках паміж заняткамі піць каву, чай.

Ірына Пазняк

Ірына Пазняк

«Мы заахвочваем салдат да таго, каб яны не саромеліся і ставілі на свае тумбачкі ў казармах фота родных: дзяцей і жонак, у каго ёсць, бацькоў, дзяўчат. Словам, што ім дорага. Даказана, што гэта ўплывае пазітыўна», — сказала нам псіхолаг 59 ШПС Ірына Пазняк. І гэта праўда — шмат на якіх тумбачках стаяць мілыя салдацкаму сэрцу карцінкі.

«А партрэт салдата вельмі змяніўся. Цяпер яны гатовыя не маўчаць, а паскардзіцца на любую дробязь. Бывае такое, напрыклад, што цягам анкетавання салдат пазначае, што сутыкнуўся з грубасцю. Адразу пачынаецца ўнутраная праверка пра гэтым факце. У выніку аказваецца, што пад грубасцю мелася на ўвазе будзёная фраза, накшталт «Адчапіся!», сказаная саслужыўцам, нейкі побытавы эпізод камунікацыі, але мы і на такое павінны рэагаваць.

І да мяне, шчыра, не прыходзілі са скаргамі на дзедаўшчыну. Часцей за ўсё тэлефануюць бацькі, якія задаюць пытанні: «Якія нам словы знайсці для дзяцей, каб тыя хутчэй адаптаваліся, прыжыліся?» Вядома, калі чалавек трапляе ў новы асяродак і мяняе сферу дзейнасці, то гэта стрэс. Мы гаворым з кожным з бацькоў, у нядзелі — дні наведванняў, — мы ў часці. Бывае, сядаем утрох і гаворым. Начальства вельмі хвалюецца, каб што якое не здарылася. Выпадак з Коржычам — гэта быў шок! Нечакана!» — дадала жанчына.

Цягам шпацыру па тэрыторыі глянулі мы яшчэ і не адрамантаваную казарму. Начальства сцвярджае, што такая тут засталася толькі адна — з неправедзенай гарачай вадой і без сістэмы відэаназірання. Але абяцаюць хутка скончыць, пакуль жа 500 чалавек мыюцца раз на тыдзень у лазні. Вокны і дзверы ўжо замянілі.

У кожнага салдата пры сабе тэлефон-званілка

Як арганізаваны салдацкі побыт? Ну, тут прынцыпова нічога, пэўна, не мянялася: у распалажэнні ёсць тэхнічныя пакоі, «патрыятычны» для інтэлектуальнага баўлення часу, ёсць тэлевізар і вялізная калекцыя розных фільмаў, туалеты і спартыўны куток.

Мы праверылі таксама гарачую ваду ў кранах — цячэ. Пральная машына — ёсць.

Тут жа мы даведаліся адказ на пытанне, чаму ў некаторых казармах дагэтуль туалеты — дзірка ў падлозе. Вайскоўцы лічаць, што з гледзішча гігіены, хуткасці і зносу пры вялікай праходнасці такі тып прыбіральні аптымальны. А ў казармах меншых ставяць усё ж унітазы.

Лозунгі часам пішуць самі хлопцы з тых, хто ўмее прыгожа маляваць.

Лозунгі часам пішуць самі хлопцы з тых, хто ўмее прыгожа маляваць.

Які распарадак дня? На сон адведзена нават не 8, а 9 гадзін: «Калі салдат паспіць на гадзіну больш, шкоды нацыянальнай бяспецы нанесена не будзе», — тлумачыць начальнік штаба Андрэй Жук.

Днявальны роты, салдат Вадзім Чубукоў з Сенненскага раёна дадае, што «далібог, на грамадзянцы менш спаў».

Па словах таго ж Жука, муштры ў Печах няма — на страявую падрыхтоўку адводзіцца дзве гадзіны на тыдзень. «Асноўная задача — заняць вучэбныя класы, трэнажоры і палігон. Там фарміруецца баец», — дадае начальнік штаба.

Вельмі важны момант — у кожнага салдата цяпер пры сабе тэлефон-званілка, гэта мы праверылі і ў тых, хто сядзеў на занятках, і ў тых, хто толькі вылез з танка. Тэлефон цяпер не трэба здаваць, знік гэты элемент псіхалагічнай улады над салдатам, калі можна было адгарадзіць яго ад свету і вымагаць грошы. Праўда, званіць можна як бы толькі ў адведзены для гэтага вечаровы час, але на практыцы салдат пры вялікім жаданні можа знайсці магчымасць пазваніць калі захочацца.

Дысцыплінарная адказнасць тут класічная, але буйныя залёты, кажуць, бываюць рэдка. У асноўным за касякі належыць нарад па-за чаргой, але самае страшнае — пазбаўленне звальненняў.

Афіцэры пераконваюць, што з улікам трох- і двухсуткавых, за выходныя дадому можа з’ездзіць працэнтаў 20% ад складу роты, але такія доўгія выходныя толькі для выдатнікаў службы і вучобы.

У нядзелю, маўляў, адпускаюць увогуле масава, бо далёка тут не паедзеш: або ў Барысаў, або ў Мінск.

Што на абед?

У залежнасці ад пасады і кваліфікацыі мінімальны салдацкі «заробак» — 29 рублёў, максімальны — 63. Цікавімся ў кіраўніцтва цэнтра, ці справядлівыя гэтыя сумы. За 30 рублёў пару разоў хіба што сходзіш у буфет, дзе сярэдні памер чэка 5—7 рублёў.

«Ну, калі на поўным забеспячэнні, то, можа, і дастаткова, — выказаў думку начальнік штаба. — Салдат кормяць і абуваюць, усё маюць… Ведаеце, ёсць тут людзі, якія і такіх грошай ніколі не трымалі ў руках, не распараджаліся. Але гэта ж не мы налічваем, гэта налічвае дзяржава. Работа вядзецца».

Што датычыць ежы, то мы паспрабавалі абед самі. Мо хто прывыкшы да прысмакаў і не пагодзіцца, але абед цалкам сабе нармальны, у роце ад яго не гарчыла і ў страўніку не пякло, сілаў дадалося.

Не рэстаран, але смачна. Суп, салат, грэчка, курыца, кампот, чатыры кавалкі чорнага хлеба і булка.

Праўда, булка без салодкага ўнутры, але яе ўжо давялося ў сябе ўпіхваць. А чалавек з ростам больш за 190 сантыметраў мае права папрасіць дадатковую порцыю.

Цікава таксама гісторыя з нашыўкамі, якія абазначаюць перыяд службы. Хіба не кожны служылы ўспомніць, як некалі яго пераводзілі ў «чарпакі», лупіўшы па задніцы папругай. 

Цяпер ваенныя падмяняюць афіцыйным рытуалам неафіцыйны, каб выкараніць той. Трэба успомніць, што прынамсі ў гісторыі такі падыход сябе апраўдаў — хрысціянскія святы так падмянілі паганскія ў старажытным Рыме, а сацыялістычныя рытуалы так падмянялі хрысціянскія за Саветамі.

Ваенныя думаюць, што тым жа метадам выведуць і нефармальшчыну.

Як гэта адбываецца? Ва ўрачыстай абстаноўцы ў пакоі баявой славы і пры ўсім калектыве той, хто пераходзіць у новы перыяд, зачытвае нешта накшталт абяцання «паважаць і абараняць» сваіх саслужыўцаў, Радзіму, потым атрымлівае за гэта новую нашыўку.

Беларускую мову «не насаджваюць»

Ідэалагічнае выхаванне ў Печах наўрад ці адрозніваецца ад іншых часцей краіны. У цэнтры яго — савецкі пантэон герояў, што ў нечым і лагічна, бо, паводле афіцыйных версій, беларускім войскам жа ўсяго толькі 100 год, раней тут зброі ў руках не трымалі і ганарыцца няма чым.

Таму пытанні тут адрасоўваць трэба не ў Печы, а ў міністэрства агулам.

Даходзіць да таго, што ў адной з казармаў беларускім класікам — Янку Купалу і Якубу Коласу, — уклалі ў вусны рускую мову.

«У сучаснай моладзі працэнт тых, хто валодае мовай, слабы. Згодны, што трэба павышаць», — так ідэолаг школы тлумачыць гэты факт.

Якая роля тут беларускай мовы агулам, спыталі мы.

— Падтрымліваецца! — такі быў адказ.

— А як?

— Тэкст ваеннай прысягі напісаны па-руску і па-беларуску. Хто на якой хоча, той так і прымае. Канкрэтна каб насаджвалі, то такога няма, — кажуць ідэолагі.

Гучыць парадаксальна, бо калі мяжа нацыянальнага, за якой пачынаецца «насаджванне» — гэта пару сказаў прысягі і плакат з мовай у Доме культуры, то якое тады слова падабраць да абсалютнай русіфікацыі гэтага цэнтральнага інстытута дзяржавы, дзе салдат за паўтара годы не чуе роднай мовы?

Пры гэтым нядаўна прынятая Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі наўпрост кажа пра пагрозу размывання «нацыянальнага менталітэту і самабытнасці» і дэкларуе «пашырэнне сацыяльных функцый і камунікатыўных магчымасцяў беларускай мовы, якая разам з іншымі элементамі нацыянальнай культуры выступае гарантам гуманітарнай бяспекі дзяржавы».

Дык ці надыдзе такі час, калі ў Печах замест «Шагом марш» будуць казаць «Крокам руш»?

«Псіхалагічна я гатовы аддаваць загады і па-руску, і па-беларуску, я ж беларус. Мову я вучыў з першага класа. Але ў нас і цяпер ніхто не забараняе аддаваць загады па-беларуску, іншая справа, што пакуль гэта выключна добраахвотная справа, «дзён беларускай мовы» ў нас няма. Але афіцэры, якія гавораць па-беларуску, ёсць», — адказаў Аляксей Ціцкі.

Як выявілася, гаворка пра капітана медроты Юрыя Данец-Вашэцькава, доктара-псіхіятра.

Той сапраўды гаворыць па-беларуску і расказаў, як гэта выглядае ў войску.

Юрый Данец-Вашэцькаў.

Юрый Данец-Вашэцькаў.

«Беларускай мовай карыстаюся штодзень у размовах і з начальнікамі, і з падначаленымі. Свядома пачаў карыстацца тады, калі паступіў на ваенна-медыцынскі факультэт, дагэтуль гаварыў на моцнай горацкай трасянцы», — сказаў спадар Юрый.

«У войску галоўнае, каб выконвалася задача. А на якой мове яна будзе выконвацца — без розніцы. За ўвесь час службы толькі ў Фаніпалі мяне некаторыя афіцэры прасілі гаварыць па-руску, бо яны «не разумелі». Тут такога няма, ёсць афіцэры, якія натхняюцца і са мной гавораць па-беларуску. Спачатку гэта для іх было як прыкол, а потым уцягнуліся.

Але скажу шчыра, што часам даводзіцца працаваць па-руску, у камунікацыі з салдатамі, асабліва, якія могуць не разумець, калі гаворка пра паглыбленыя тэмы псіхічнай дыягностыкі. Тут галоўнае, каб мы адзін аднаго правільна зразумелі», — кажа Данец-Вашэцькаў. 

З чым да доктара тут прыходзяць людзі?

«У абсалютнай большасці гэта праблемы з адаптацыяй да зменаў ладу жыцця. Я аналізую ўсе выпадкі і мне здаецца, што войска часцей за ўсё — толькі трыгер нейкіх псіхічных станаў, якія праявіліся б у любой падобнай сітуацыі. Скажам, калі б чалавек пераехаў жыць у іншую краіну, трапіў у вялікі натоўп, то ў яго былі б тыя ж самыя псіхалагічныя праблемы. Яны фарміруюцца не ў войску.

Бываюць і цікавыя выпадкі — напрыклад, ізаляваная клаўстрафобія. Чалавек на трэнажоры нармальна ўсё адпрацоўвае, а як залазіць у танк, то ўсё — паніка, страх, нічога не можа. Тады рэкамендуем перавесці яго ў іншыя войскі.

Бываюць выпадкі снахаджэнняў, і тут камеры вельмі дапамагаюць у дыягностыцы — можна адразу бачыць, як салдат падняўся ноччу з ложка і паплёўся гуляць, а днявальны яго бярэ і вядзе назад. Такая ламбада атрымліваецца.

А адносна тых, хто косіць пад дурня, то я так скажу: здаровы чалавек касіць не будзе ў любым разе. Пакуль я тут служу — год, — стабільна нехта ў псіхіятрычным аддзяленні ляжыць, кагосьці камісуем. Са скаргамі на псіхічныя разлады ад маральна-фізічнага ціску ў мяне пацыентаў не было, тут жа служаць адначасова прызваныя, ускосных праяваў дзедаўшчыны, якія б праходзілі па маёй лініі, я тут не назіраў. Але вось мне часам афіцэраў шкада больш, чым салдат. Асабліва маладых. На іх вялікая адказнасць: вось ён прыйшоў з акадэміі, і на ім ужо 30 чалавек, якія не адказваюць ні за што, а ён за іх — галавой», — дадаў капітан.

Дарэчы, галоўны ідэолаг таксама патлумачыў нам, што неўзабаве з салдатаў знікнуць рамяні з камуністычнай зоркай. У нейкіх часцях яны ўжо зніклі, бо ідзе планавая замена формы агулам, у новай такой шырокай папругі не прадугледжана ў прынцыпе — будзе звычайная, без сімвалаў, па еўрапейскім стандарце.

Гэтыя кніжкі выдатнікаў з камуністычнай сімволікай таксама заменяць — гэтыя пойдуць у музей, на іх месцы з'явяцца кнігі з афіцыйнай сімволікай. 

Гэтыя кніжкі выдатнікаў з камуністычнай сімволікай таксама заменяць — гэтыя пойдуць у музей, на іх месцы з'явяцца кнігі з афіцыйнай сімволікай. 

Салдаты вучацца кіраваць танкамі на камп'ютарным сімулятары

Заняткі ў профільнай часці пачынаюцца а 9-й раніцы. Як ужо тлумачылі афіцэры, салдаты вучацца ў аўдыторыях, трэнажорах і на палігонах. Тэрмін вучобы 3-4 месяцы. 

Трэнажоры — класная штука. Мы глянулі і паспрабавалі тыя, якія вучаць абыходзіцца з цяжкай тэхнікай, у прыватнасці, танкам. Не толькі кіраваць, але і страляць.

Чалавек унутры кабіны бачыць лічбавую карцінку, накшталт камп'ютарнай гульні. Сімулюецца ўсё — ад патрэсвання на ямах да гукаў. Праграма можа сімуляваць і розныя ўмовы надвор'я, а потым паказваць характэрныя памылкі. 

Каштуе такі трэнажор пад 40 тысяч рублёў. 

Пытаемся ў хлопцаў, якія вылезлі з сімулятара танка, што тут самае цяжкае. Салдат адказвае: «Нічога цяжкага».

Гэта камандзір танка Яраслаў Прасялкоў з Брэста (справа ў цэнтры). Кажа, што задумваецца аб кантракце. 

Гэта камандзір танка Яраслаў Прасялкоў з Брэста (справа ў цэнтры). Кажа, што задумваецца аб кантракце. 

Але ў плане практычнага прымянення ведаў пасля войска танкісты не самыя фартовыя. У Печах вучаць і на кранаўшчыка, напрыклад, дык тыя хлопцы потым і ўладкоўваюцца на цывільную работу згодна з вайсковай спецыяльнасцю. Кіроўцы з рэдкімі катэгорыямі — таксама. 

А вяртаючыся да танкістаў — пасля трэнажора ім вельмі хутка давяраюць спраўдны танк. Палігон для абкаткі тут жа, побач. 

Каб атрымаць кваліфікацыю, трэба наездзіць 80 кіламетраў — прыкладна па кіламетр практычнага занятку на дзень. Здалёк танкісты нагадваюць дзяцей — туды бяруць толькі калі не вышэйшы за 175 см. З вышкі за манеўрамі назіраюць афіцэры-выкладчыкі.

Якія ўражанні ад кіравання танкам? Нам трапіліся хлопцы не з гаваркіх, кажуць: «Уражанні моцныя». 

Але, прынамсі, могуць паразважаць пра дзядуху.

«Фофаны мне тут ніхто не б’е, я таксама не б’ю. Галоўны страх — гэта нешта запароць, калі кіруеш танкам. Пра дзедаўшчыну я не думаю, бо не сутыкаўся, хаця перад войскам пра Печы ў гэтым кантэксце чуў, але ўсё нармальна. Кожны вечар медсястра правярае ўсіх на сінякі, калі ёсць — трэба патлумачыць, адкуль узяліся. Ну там стукнуўся недзе аб танк, калі злазіў, ці нешта такое. Правяраюць, хто пацвердзіць. Магчыма, і застануся на кантракт», — сказаў нам Барыс Сінкевіч з вёскі Востухава пад Карэлічамі.

Камандзір танка, такі ж пацан, як і Барыс, але сяржант, пацвердзіў: «Пра справу Коржыча чуў, але ўсё нармальна. Мая задача — дапамагчы курсанту навучыцца абыходжанню з тэхнікай. Самае частае слова, якое я тут кажу: «Паехалі!».

Дарэчы, у суседнім будынку мы сустрэлі даволі ўнікальнага чалавека — адзінага цемнаскурага салдата ў беларускім войску на гэты момант, мясцовую славутасць.

Гэта сын беларускі і нігерыйца па імені Амечы Франклін Джэймс Азу.

Бацька некалі прыехаў працаваць ды застаўся, хлопец гадаваўся ўжо ў Мінску. На пытанне аб разуменні беларускай мовы адказвае: «Так точна!», што выглядае асабліва весела, калі ўспомніць фразу «разумеюць не ўсе» ад аднаго з ідэолагаў. 

«Я адзіны цемнаскуры салдат на гэты момант у беларускім войску! І мне нармальна служыцца, прыкольна. Калектыў у нас талковы: я з усімі добра, і са мной усе добра. З нейкімі праявамі грэблівасці ці дзедаўшчыны я не сутыкаўся. Нават разглядаю варыянт застацца на кантракт, бо войска мне дало нешта карыснае: мне і цікава, асабліва кіраванне, і з такога філасофскага гледзішча шмат што абдумаў. Вось раней я як часам распараджаўся? Ды абы-як. За камп’ютарам сядзеў, гулянкі гуляў. Цяпер я ведаю цану часу, буду самаразвівацца, больш чытаць. Я і так тут чытаю, але максімум у дзень хвілін 40 атрымліваецца, астатні вольны час сыходзіць на іншае», — сказаў нам Джэймс. 

Пагаварыць захацеў і яшчэ адзін хлопец, Аляксей з Віцебска. Прозвішча не выдаў. 

Ён адметны тым, што на грамадзянцы быў хуліганістым і ў войску першы час вырашыў жыць гэтак жа, ваўчанём. Але яго падкупіў псіхалагічны хітрык, калі на ўсе ягоныя спробы пікіровак кіраўніцтва адказвала супрацьлегла — павагай. 

«Я пачаў не з таго: не знаходзіў кантакту з саслужыўцамі, ні з кім не гаварыў, не сябраваў, лічыў, што ўсе гэтыя людзі не майго тыпу, чужыя, — сказаў нам Аляксей. — Мне неяк спрабавалі даносіць, як тут трэба жыць, і паціху я зразумеў. Асабліва пасля таго, як мне пасля месяцу такіх паводзін далі магчымасць скончыць адукацыю.

Там была такая гісторыя, што хаця я і прызваўся, але ў каледжы адзін экзамен вісеў няздадзеным юрыдычна, не давалі дыплом. Дык мяне адпусцілі, каб я падрыхтаваўся і здаў. І я здаў. І з таго часу ў мяне выдатная дысцыпліна і вучоба. Я навучыўся таварыскасці, гаварыць з людзьмі, завязваць кантакты. І калектыў у нас сяброўскі, на нестатутныя адносіны і паскардзіцца не магу», — сказаў хлопец.

Цяпер ён думае аб тым, каб застацца на кантракт. 

Між словаў мы звярнулі ўвагу кіраўніцтва на тое, што Мінабароны прыдумала выдатны фармат для таго, каб праграмісты не гублялі кваліфікацыю — ІТ-роту. Але яна толькі адна, туды конкурс. Як быць астатнім?

На жаль, уцямнай магчымасці захаваць свае веды няма. Салдату прапануецца толькі тое, што блізка да ягонай спецыяльнасці. Напрыклад, відавочных «айцішнікаў», выпускнікоў радыётэхнічных каледжаў, бяруць у сувязісты, чыя спецыфіка работы з прыходам лічбы троху змянілася. 

Іерархія хваробаў — органы дыхання, страўнік, скура

Нядаўна была гісторыя, што салдату з анкалогіяй, з ягоных словаў, што перадае маці, давалі дратаверын. 

— Дык ці праўда, што тут лечаць вугалем? — з такім пытаннем мы зашлі ў адзін з медпунктаў, дзе нас сустрэў доктар Мікалай Коршунаў, намеснік начальніка медыцынскай службы Печаў. 

Вядома, што такая пастаноўка пытання правакатыўная, таму той замест словаў прапанаваў глянуць усе шафы.

«Вось інфекцыйныя, спазмалітыкі, ад ціску, бранхіту, антысептыкі, блакатары кальцыевых каналаў, ад алергіі, дыярэі, для скарачэння ЧСС…» — ледзь стрымалі мы доктара, які ўзяўся пальцам паказваць і пералічваць усе лекі ў медпункце з тлумачэннем, для чаго тыя. 

Што запасы салідныя — мы пераканаліся. 

Дактары запэўніваюць, ёсць медыцынскія ўкладкі (якія не адкрываюцца да часу Х) і на выпадкі ВІЧ, гепатыту і менінгіту. 

Па словах дактароў, неўзабаве ў Печах з'явіцца свой вялікі медыцынскі комплекс — пад гэта цяпер перабудоўвацца адна з казармаў. Здача плануецца на пачатак наступнага года.

Цяпер ён на такой стадыі.

Цяпер ён на такой стадыі.

Канкрэтна ж у гэтым медпункце палаты чыстыя, туалеты таксама. 

Пару чалавек, што ляжалі там, выглядалі ўжо недалёка ад выздараўлення. 

«Ляжу з ангінай. Даюць таблеткі, цёплае піццё, горла пырскаць, у фізіякабінет водзяць грэцца [маецца на ўвазе караткахвалевае апраменьванне горла]», — адказаў салдат.

Дактары тлумачаць, што іерархія хваробаў у войску не такая, як на грамадзянцы: на першым месцы хваробы органаў дыхання, потым — страўнік. Бываюць абсурдныя выпадкі, калі да салдата едзе сям’я і летам, з Брэста, цягне слоік салату з маянэзам. Вынік прадказальны. На трэцім месцы — хваробы скуры.

Траўматызм, кажуць, бывае, але дробны, ад няўважлівасці пры рабоце з тэхнікай — недзе стукнуўся, недзе прыціснуў. 

Такога, каб пераехала танкам, не бывала дакладна. 

А ці ёсць сімулянты? Мікалай Коршунаў сказаў нам, што часцей аграванты — людзі з перабольшваннем сімптомаў.

«Чалавек праз надумлівасць характару пачынае звяртаць увагу на дробязі. Калі аб’ектыўных сімптомаў няма, а скаргі застаюцца, тады салдата глядзіць псіхіятр ці псіхолаг. Псіхіятрычных хворых у нас на год недзе 35 чалавек, з іх 20% самі сабе наносяць шкоду або дэкларуюць намер. Пасля выяўленні такіх людзей іх адразу адмяжоўваюць ад фактараў рызыкі, калі стан крытычны — вязем у РНПЦ псіхічнага здароўя, калі безнадзейны — камісуем».

А ці змяніўся за час работы гэтага афіцэра кантынгент прызыўнікоў, якая дынаміка? 

«З псіхалагічнага гледзішча зменаў няма, з фізічнага — ёсць. Скажам так, што ёсць пагранічныя станы, пры якіх вызначаецца ступень прыдатнасці да службы. Напрыклад, у прызыўніка скаліёз груднога аддзела хрыбетніка першай ступені. Калі вугал скрыўлення 42 градусы, то ён не ідзе служыць, а калі 41 градус — то ідзе. І трапляе да нас. Тут ужо патрэбна прафілактыка і тлумачэнні, як падняць, умоўна, вядро з пяском і не нашкодзіць. Зрэшты, нават цалкам здаровы чалавек можа на гэтым дзеянні пракалоцца і нешта сабе пашкодзіць. Ваенная праца — гэта розная нагрузка. І ў ССА ёсць людзі, якія служаць тэлеграфістамі, сувязнымі, сядзяць перад маніторам гэтак жа, як і на грамадзянцы», — падсумаваў ён.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?