У Мінску за паўгода з арэндных кватэраў выселілі 34 даўжнікоў разам з сем'ямі. Прычына — запазычанасці па камунальных плацяжах. Як паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка», пераважная колькасць выселеных — людзі, якія жылі ў непрыватызаваных кватэрах. Ад 1 ліпеня 2016 года такое жыллё перайшло ў шэраг арэнднага.
Усяго ў Мінску такім чынам з'явілася болей за 6000 арэндных кватэраў, дзе трэба плаціць не толькі за камуналку, але і за карыстанне памяшканнем. Калі цягам двух месяцаў наймальнікі не плацяць за кватэру без важкіх прычынаў, іх могуць выселіць.
Ад пачатку года ЖРЭА раёнаў падалі ў суд 167 пазоваў на высяленне даўжнікоў, 42 пазовы задаволеныя. Станам на 20 ліпеня 34 сям'і або наймальнікі-адзіночкі былі выселеныя. Астатнія 125 пазоўных заяваў адхіленыя або знаходзяцца на разглядзе. Летась у суд накіравалі 306 пазоваў на высяленне і 57 з іх задаволілі.
Нават пазбавіўшыся жылля, былы наймальнік павінен выплаціць запазычанасць за кватэру. Аднак пераважная большасць высяленцаў вядзе асацыяльны лад жыцця, таму спагнаць з іх грошы праблематычна.