Колькі апазіцыянераў будзе ў новым скліканні парламента? І ці магчыма, што гэтая лічба будзе большай за двух чалавек (цяпер ёсць Канапацкая і Анісім)? Пра гэта «НН» спытала эксперта рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Пятра Пятроўскага.

«Ужо ў сённяшнім скліканні Палаты прадстаўнікоў маецца тры апазіцыянеры, бо прадстаўніка ЛДПБ я б не спісваў з рахунку [гаворка пра Анатоля Хішчанку — «НН»]. Партыя Алега Гайдукевіча можа і не настолькі радыкальная, але не праўладная.

Што ж датычыцца наступнага склікання парламента, то тут пытанне да саміх апазіцыйных сіл. Акрамя правацэнтрысцкай кааліцыі і ЛДПБ, ніхто іншы з апазіцыянераў нават 110 кандыдатаў вылучыць не здолее. Я ўжо не кажу пра якасць гэтых кандыдатаў.

Узгадайце дзейнасць Ганны Канапацкай. Шмат хто з яе калегаў ставіў пад сумнеў яе кампетэнтнасць. Для яе выбарчая кампанія стане іспытам, які яна можа і не здаць.

Новы склад беларускага парламента будзе адыгрываць асаблівую ролю — удзельнічаць у канстытуцыйнай мадэрнізацыі. Таму «Белая Русь», напрыклад, будзе падтрымліваць у асноўным маладых, але дзясяткі разоў правераных і пераправераных кандыдатаў з досведам і аўтарытэтам, якія здольныя якасна выконваць дэпутацкія паўнамоцтвы падчас канстытуцыйнай рэформы, анансаванай Аляксандрам Лукашэнкам.

Ці здолеюць сілы апазіцыі выставіць ім альтэрнатыву? У мяне у гэтым узнікаюць некаторыя сумневы. Бо існуюць рэальныя кадравыя праблемы і не толькі ў апазіцыйных партый, але і ў праўладных, якія на мінулых выбарах таксама не змаглі вылучыць і паловы ад патрэбнай колькасці кандыдатаў.

Іншае пытанне, што шмат якія апазіцыйныя сілы афіляваны інтарэсамі з вонкавымі цэнтрамі. Хтосьці з ЕС, хтосьці з ЗША. І цікава, што дыпламаты гэтых краін вельмі актыўна пачалі перад выбарамі дзейнічаць на беларускім напрамку. ЗША, напрыклад, пачалі актыўна казаць пра перспектывы адмены санкцый. ЕС дацягнуў да парламенцкіх выбараў падпісанне дамовы пра лібералізацыю візавага рэжыму. Па маёй інфармацыі, іх дыпламаты спрабуюць давесці афіцыйнаму Мінску залежнасць вырашэння гэтых пытанняў ад вынікаў выбараў і з’яўлення ў парламенце большай колькасці сваіх контрагентаў.

Складваецца ўражанне, што там адносяцца да беларускіх выбараў як да дырэктыўнай працэдуры. Гэта, а таксама ўсё больш наяўны вонкавы ціск, не могуць не раздражняць афіцыйны Мінск. Больш за тое, звязаныя з Захадам ці яму сімпатызуючыя эксперты ўжо паспелі абвясціць ажно «іспыт» на дэмакратызацыю для дзеючых улад. Быццам павелічэнне колькасці прадстаўнікоў радыкальнай апазіцыі будзе дэманстраваць для Захаду дэмакратызацыю. Такая пазіцыя ўжо сама па сабе падрывае суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, бо яе логіка трымае беларускі народ па-за працэдурай выбараў».

У допісе ў фэйсбуку Пятроўскі даў больш дакладны прагноз:

«Колькасць партыйных дэпутатаў альбо застанецца на тым жа ўзроўні, альбо павялічыцца, але не за кошт апазіцыі, а за кошт праўладных партый», — напісаў эксперт «Белай Русі».

Па яго меркаванні, Брусэль захоча бачыць будучым кандыдатам у прэзідэнты менавіта аднаго з апазіцыянераў-дэпутатаў. А гэта, маўляў, зніжае імавернасць таго, што ўлада паўторна прапусціць у парламент пазнавальную Канапацкую.

Глядзі таксама:

Праўладны эксперт Пятроўскі: Не адслужыў у арміі — не маеш права паступаць у ВНУ. Сам я ў арміі не служыў

Тэлеперсанаж БТ і АНТ Пётра Пятроўскі назваў абаронцаў Курапат «п…»

Гайдукевіч, Дзмітрыеў, Дзерман: топ-25 экспертаў, якіх запрашаюць на дзяржаўнае тэлебачанне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?