Фота Полацкага ўніверсітэта
15 жніўня памёр прафесар Эрнст Міхайлавіч Бабенка — першы рэктар Наваполацкага політэхнічнага інстытута і Полацкага дзяржуніверсітэта.
Развітанне пройдзе ў суботу ў вучэбна-лабараторным корпусе ПДУ ў Міжрэччы з 10.00 да 12.00, паведамляе прэс-служба ўніверсітэта.
Эрнст Бабенка нарадзіўся 21 кастрычніка 1937 года ў Плешчаніцах. Скончыў школу ў Маладзечне, затым Маскоўскі хіміка-тэхналагічны інстытут.
У 1968—1970 — старшы выкладчык, дацэнт, загадчык кафедры Наваполацкага філіяла Беларускага тэхналагічнага інстытута, затым дырэктар. У 1974—1976 гг. — рэктар Наваполацкага політэхнічнага інстытута, затым быў дырэктарам Інстытута электроднай прамысловасці Міністэрства каляровай металургіі СССР, намеснікам гендырэктара па навуцы і новай тэхніцы Усесаюзнага аб'яднання «Саюзвуглярод» Міністэрства каляровай металургіі.
З пачаткам перабудовы вярнуўся ў Наваполацк, быў рэктарам Наваполацкага політэхнічнага інстытута, а пасля яго пераўтварэння ўзначальваў у 1993-2003 гадах Полацкі дзяржаўны універсітэт.
Дзякуючы намаганням Бабенкі ў 2003 годзе Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту быў перададзены комплекс будынкаў Полацкага езуіцкага калегіума. У 2003—2016 — прафесар кафедры хіміі і тэхналогіі перапрацоўкі нафты і газу ПДУ.