Беларускія памежнікі затрымалі ў аэрапорце пры афармленні авіярэйсу «Стамбул — Мінск» замежніка з падробленым пашпартам, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.

Пры рэгістрацыі мужчына прад'явіў дакумент грамадзяніна Чылі, аднак спецыялісты западозрылі фальшыўку. Высветлілася, што з падробленым дакументам падарожнічае 45-гадовы ўраджэнец Камеруна. Да сустрэчы з беларускімі памежнікамі з гэтым дакументам ён перасёк межы дзесяці краін.

З 1998 года мужчына вучыўся ў адным з маскоўскіх інстытутаў, але ў 2001 годзе яго адлічылі за прагулы. На афрыканскі кантынент былы студэнт вяртацца не захацеў і застаўся ў Расіі нелегальна. Праз дзесяць гадоў яго затрымалі і дэпартавалі з забаронай уезду ў краіну на пяць гадоў. У 2012-м мужчына пераехаў у Чылі па чужым пашпарце, дзе набыў новы падроблены дакумент. Затым на працягу сямі гадоў з фальшывым пасведчаннем асобы грамадзяніна Чылі пабываў у Аргенціне, Мексіцы, Францыі, Іспаніі, Марока, Таго, Гвінеі, Ганне, Канадзе і Расіі. Гэты факт пацвярджаюць візы і адзнакі аб перасячэнні мяжы.

За выкарыстанне падробленага дакумента мужчыну пагражае крымінальная адказнасць у выглядзе абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0