Анатоль М. паведаміў суддзі, што ніколі не чуў пра сістэму байкшэрынгу, піша Радыё Свабода.

Суд Ленінскага раёна Мінска разглядае справу аб крадзяжы пракатнага ровара. На лаве падсудных 43-гадовы кіроўца з Баранавічаў Анатоль М. Ён працуе ў індывідуальнага прадпрымальніка, час ад часу прыязджае ў Мінск на грузавым аўтамабілі па тавар.

Крадзеж пракатнага ровара адбыўся каля апоўначы 21 ліпеня на Ігуменскім тракце. Абвінавачаны ў суд прыйшоў сам, ад паслугаў адваката адмовіўся, віну прызнаў цалкам.

«Чысло не памятаю, калі гэта здарылася, — расказаў абвінавачаны. — Стаяў ровар на Ігуменскім тракце, каля кальцавой. Дзень стаяў. На другі дзень праязджаю — зноў стаіць. Два дні стаіць, нікому не патрэбны. Стаіць і стаіць. У нас такіх няма ў Баранавічах. Ну я і вырашыў забраць. Спыніўся, кінуў у машыну і паехаў назад у Баранавічы. Я ровар хацеў сыну падарыць. Пра байкшэрынг ніколі не чуў. Калі б чуў, то лепш бы я сыну ровар сам купіў».

Ровар М. пратэсціраваў праз некаторы час, ён быў заблакаваны. Па словах абвінавачанага, ён збіраўся пазней вырашыць гэтую праблему, аднак перашкодзілі следчыя, якія спынілі грузавік М. і знайшлі скрадзены ровар у яго кузаве. Яго сыну 18 гадоў.

Сьведкам на працэсе выступіў інжынер кампаніі «Колабайк», якой належыць ровар. Ён расказаў, што праз сістэму спадарожнікавага сачэньня ў кампаніі змаглі пабачыць, што іх ровар знаходзіцца ў Фаніпалі, а потым пачаў рухацца ў кірунку Стоўбцаў. Пасля ў «Колабайку» вырашылі звярнуцца ў міліцыю.

Ровар, які паводле сьледзтва скраў М., быў вернуты ўласніку цэлым. Паводле матэрыялаў суда, ён каштуе 728 рублёў 36 капеек. Гэта дазваляе разглядаць справу аб крадзяжы пракатнага ровара па частцы 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэксу (крадзеж). Яна прадугледжвае пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі тэрмінам 3 гады.

Як паведаміў у залі суда прадстаўнік кампаніі «Колабайк», на дадзены момант вядома восем выпадкаў крадзяжоў пракатных ровараў.

Пракурор папрасіў пакараць абвінавачанага штрафам у 75 базавых велічынь (1912,5 рубля). Рашэнне будзе вынесена 20 жніўня ў 11.30.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?