Фота Надзеі Бужан
Арцём Макей, сын міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і актрысы Веры Паляковай, узяў удзел у адборы на дзіцячае «Еўрабачанне» ў складзе гурта «Нясумны ўзрост», піша Tut.by
Сёння ў Белтэлерадыёкампаніі прайшло праслухоўванне ўсіх 38 удзельнікаў. Адзін з прэтэндэнтаў на перамогу — гурт «Нясумны ўзрост», які існуе пры аднайменнай студыі. У складзе «Нясумнага ўзросту» — навучэнцы аддзялення эстраднага вакалу мінскай «Дзіцячай школы мастацтваў №2».
Пад кіраўніцтвам педагога і мастацкага кіраўніка студыі Наталлі Сухамліной група ўжо ўдзельнічала ў адборы на дзіцячае «Еўрабачанне» (праўда, у іншым складзе). Сёлета група выканала песню «Файна» на беларускай мове.
Арцём Макей выступае не толькі на дзіцячых конкурсах. Так, на творчым вечары сваёй мамы Веры Паляковай, які прайшоў у красавіку 2018 года, ён выконваў з ёю песню «Шчасце».
У фінал нацыянальнага адбору пройдуць ад сямі да дзесяці выканаўцаў, якія будуць названы вечарам 20 жніўня.
Прадстаўнік Беларусі на конкурсе будзе вызначаны па выніках гала-канцэрта, які адбудзецца не пазней за 27 верасня. Пераможца будзе абраны па выніках галасавання гледачоў і прафесійнага журы.
Фінал конкурсу пройдзе ў польскіх Глівіцах у лістападзе.





