Прэм'ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ абвясціў пра адстаўку, піша ВВС.
Контэ абвясціў пра сваё рашэнне сысці ў адстаўку ў парламенце пасля таго, як віцэ-прэм'ер Матэа Сальвіні паставіў пытанне пра давер ураду.
Па словах Контэ, Сальвіні шукаў падставу для новых выбараў з таго самага моманту, як яго нацыянал-кансерватыўная партыя «Ліга» дасягнула поспеху на выбарах у Еўрапарламент.
На еўрапейскіх выбарах «Ліга» абагнала партнёраў па кааліцыі з папулісцкага «Руху пяці зорак» з 34% галасоў, спарадзіўшы чуткі пра тое, што лідар «Лігі» Матэа Сальвіні можа адмовіцца ад кааліцыі.
Прадметам для рознагалоссяў сталі пытанні давання большай аўтаноміі асобным рэгіёнам Італіі і мінімальнага памеру аплаты працы.
Вынікам адстаўкі Контэ, як прагназуюць у Італіі, стане стварэнне ўрадавай кааліцыі «Рухам пяці зорак» і леваліберальнай Дэмакратычнай партыяй. У выніку Сальвіні і яго папулісцкая Ліга апынуцца па-за ўрадам. Варта адзначыць, што Сальвіні лабіраваў збліжэнне Італіі і Еўрасаюза з Расіяй.





