У сераду, 21 жніўня ў эфір тэлекампаніі Руставі 2 не выйшла праграма навін Кур'ер, запланаваная на 12:00, а замест яе быў паказаны мастацкі фільм, паведамляе Эхо Кавказа.
Паводле інфармацыі крыніцы ў тэлекампаніі, кіраўніцтва канала вяло перамовы з журналістамі пра тое, каб дзённы выпуск Кур'ера выйшаў у эфір, як звычайна, у 15:00. Аднак, работнікі інфармацыйнай службы «знаходзяцца ў рэжыме байкоту».
Акрамя таго, здымачныя групы не выехалі на здымкі, няма жадаючых і правесці навінавую праграму.
Адзін з супрацоўнікаў Руставі 2 заявіў, што прычына байкоту ў тым, што ў журналістаў няма гарантый неўмяшання кіраўніцтва канала ў рэдакцыйную палітыку.
21 жніўня ў эфіры канала не было таксама ранішніх навінавых праграм: замест перадач, якія звычайна выходзяць а 9 і 10 раніцы, транслявалі серыялы. На сайце тэлекампаніі з ночы не абнаўлялася навінавая стужка.





