Цягам жніўня на аўтобусных прыпынках у Светлагорску былі расклееныя наступныя ўлёткі: «Алена Маслюкова з Светлагорску лічыць сябе праваабаронцам і марыць з’ехаць у Еўрасаюз. Выкарыстоўвае жыхароў горада у мэтах супрацьстаяння з уладамі і атрымання статусу палітзняволенага альбо палітычнага прытылку ў краінах Захаду. Яна не вырашае вашы праблемы! Яна вырашае свае пытанні!»

Алена Маслюкова — праваабаронца з «Вясны», раней яна працавала ў школе настаўніцай гісторыі, але была звольненая праз свае погляды. Цяпер спадарыня Алена выступае супраць запуску ў Светлагорску цэлюлознага заводу.

«Пабачыла гэтую ўлётку 18 жніўня, калі мы штотыдзень прыходзім на цэнтральную плошчу супраць завода. Улётку прынесла мая колішняя каляжанка. Пачыталі, пасмяяліся. Потым вырашыла паказаць гэта сваёй нявестцы, а яна кажа, што мой вучань такія ўжо бачыў. Схадзіла да яго, ён мне гаворыць: «Спадарыня Алена, я ўжо асабіста чатыры такія ўлёткі сарваў».

Алена Маслюкова 22 жніўня напісала заяву ў міліцыю, каб яны знайшлі тых, хто вырабляе і распаўсюджвае такую прадукцыю. У міліцыі да такой заявы паставіліся са скепсісам, кажа праваабаронца.

Алена Маслюкова. Фота spring96.org.

Алена Маслюкова. Фота spring96.org.

Адной з версій, чаму такія ўлёткі маглі з’явіцца ў Светлагорску, Алена Маслюкова лічыць, што ў інтэрнэце сталі абмяркоўваць яе парламенцкія амбіцыі. «Пішуць, Алена, вылучайся, мы цябе падтрымаем. Але куды мне вылучацца, я праваабаронца, удзельнічаю ў назіранні за выбарамі».

Спадарыня Маслюкова кажа, што не засмуцілася пра такую ўвагу да яе. «Мне напісалі, што гэта ўжо поспех, калі нехта вырашыў звяртацца па-беларуску. Ніхто не можа ведаць, што ў іншага чалавека ў галаве. Як кажа мой муж: «Мая радыяцыя мне даражэй за іх бананы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?